Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Фестываль каляднай песні прайшоў у Мёрах. 4 студзеня 2024 года дзеці і моладзь з гэтага горада, а таксама з Браслава, Глыбокага, Варапаева, Полацка, Наваполацка і Віцебска ўдзельнічалі ў фестывалі Зорка Бэтлеема. Сёлета конкурсныя творы ацэньвалі ў двух узроставых катэгорыях: дзеці і моладзь. Ганаровым госцем фестывалю стаў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, які прывітаў удзельнікаў, а пазней уручыў узнагароды.

У Магілёве адзначылі Свята Святой сям’і з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага. 31 снежня 2023 года Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі цэлебраваў святую Імшу ў катэдральным касцёле, падчас якой адбыўся традыцыйны для гэтага свята абрад: магілёўскія сем’і розных узростаў аднавілі абяцанні, дадзеныя Богу і адзін аднаму падчас сакраманту шлюбу.

У Мінску адбылася сустрэча міністрантаў з новым архідыяцэзіяльным адказным. 4 студзеня 2024 года ў сталічным катэдральным касцёле сабраліся міністранты з парафій дэканатаў Мінска, а таксама з парафій у Маладзечне і Ракаве. У мерапрыемстве разам са сваімі душпастырамі ўзялі ўдзел каля 70 міністрантаў школьнага ўзросту і студэнтаў. Іх чакала адарацыя, канферэнцыя і святая Імша, падчас якой казанне прамовіў нядаўна прызначаны адказным за душпастырства міністрантаў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Дзмітрый Чупрын.

Каталіцкі навагодні фільм прадставіла Радыё Марыя. Стужка Цудоўны падарунак стала плёнам сумеснай працы розных парафій, малітоўных груп і супольнасцяў Беларусі. На працягу фільма гледачам прапануюць спевы, добрыя сюжэты пра вечныя каштоўнасці, гумарыстычны экспромт. На YouTube-канале радыё фільм паглядзелі ўжо звыш 6 тысяч чалавек.

Сем’і сустрэлі Новы год у сясцёр назарэтанак у Навагрудку. Рэкалекцыі на мяжы старога і новага года сабралі ў доме Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта каля 40 дарослых і столькі ж дзяцей з розных гарадоў Беларусі. Падчас рэкалекцый спікеры і псіхолагі праводзілі для сямей лекцыі, трэнінгі, а навагодні вечар удзельнікі разам з законнымі сёстрамі правялі ў адарацыі. Таксама былі спевы, танцы, конкурсы.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

06 студзеня 2024, 09:51