Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Мінску адзначылі 10-годдзе біскупскага служэння Юрыя Касабуцкага. 25 студзеня 2024 года Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы з гэтай нагоды. Да яго далучыліся арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня біскупскай канферэнцыі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У Эўхарыстыі юбіляр дзякаваў Богу за дар жыцця, паклікання і служэння, за сваіх бацькоў і выхаваўцаў.
Малітва аб адзінстве хрысціян адбылася ў гродзенскай семінарыі. Набажэнства прайшло ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян, які завяршыўся 25 студзеня 2024 года. Студэнты маліліся аб тым, каб былі "адна аўчарня і адзін пастыр", набажэнства ўзначаліў духоўны айцец семінарыстаў ксёндз Ян Сарэла.
У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску выступілі выхаванцы гомельскага інтэрната. 26 студзеня 2024 года яны прадставілі спектакль Шчаўкунок інклюзіўнага тэатру Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэтай Дзіцячай вёскай, пабудаванай з дапамогай Caritas, апякуюцца сёстры бэнэдыктынкі-самарытанкі.
Каталіцкі і праваслаўны святары ўдзялілі каляднае благаслаўленне ў гродзенскім перынатальным цэнтры. 19 студзеня 2024 года пробашч гродзенскай катэдры ксёндз Ян Кучынскі і настаяцель праваслаўнай Каложскай царквы протаіерэй Аляксандр Балоннікаў благаславілі аперацыйныя, радзільныя залы, аддзяленні ўстановы, правялі набажэнства для супрацоўнікаў і тых, каму яны аказваюць дапамогу. Пасля супольнай малітвы благаслаўленне атрымалі медыкі і пацыенткі.
У Гудагаі праходзяць Дні цішыні для жанчын і дзяўчат. 26-28 студзеня 2024 года сёстры кармэліткі Дзіцяткі Езуса запрасілі на сустрэчу, каб паразважаць пра тое, "як жыць прыгожа і сэнсоўна" з дапамогай "школы кармэліцкіх святых". У праграме рэкалекцый – святая Імша, дзяленне Божым словам, адарацыя, малітва на Брэвіярыі, канферэнцыі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.