Арцыбіскуп Буэнас-Айрэса: мы ўсе чакаем Папу
Ян Глінскі
8 лютага 2024 года ў размове з Vatican News іерарх нагадаў, што аргенцінцы перажываюць адзін з самых сур’ёзных крызісаў у сваёй гісторыі і што ў такой сітуацыі Касцёл павінен быць побач з гэтым народам. На думку арцыбіскупа Куэрва, аргенцінцам трэба навучыцца бачыць у Пантыфіку сусветнага лідара, а не класіфікаваць яго ў нацыянальных палітычных дэбатах.
Згадваючы пра запланаваную на 11 лютага 2024 года кананізацыю аргенцінскай манахіні благаслаўлёнай Марыі Антоніі дэ Сан-Хасэ, біскуп указаў на тое, што гэтая падзея будзе выразным пасланнем ад Папы Францішка: Святы Айцец хоча заахвоціць сваіх суайчыннікаў быць адважнымі і крэатыўнымі перад абліччам драматычна нарастаючага ў Аргенціне “вечнага крызісу”. Такі прыклад у свой час дала будучая аргенцінская святая, заснавальніца кангрэгацыі Дачок Боскага Збаўцы.
Іерарх падкрэсліў, што прысутнасць Прэзідэнта Хаўера Мілея на кананізацыі ў Ватыкане з’яўляецца важнай падзеяй для усіх аргенцінцаў. На ўзроўні інстытуцыйным, як дадаў, адносіны паміж новым урадам краіны і Каталіцкім Касцёлам “добрыя і сардэчныя”.
Арцыбіскуп Буэнас-Айрэса звярнуў увагу на тое, што Папа прадэманстраваў “веліч, калі пазваніў новаабранаму прэзідэнту пасля яго перамогі ў выбарах і павіншаваў”. “Паколькі ён “гуляў у іншай лізе” Папа быў таксама гатовы дараваць Мілею яго часам неразважныя і неасцярожныя выказванні падчас выбарчай кампаніі”, – дадаў аргенцінскі іерарх.