Пошук

Біскуп Віталій Крывіцкі Біскуп Віталій Крывіцкі 

Біскуп Кіева-Жытомірскі: кожны з нас носіць раны вайны

Біскуп Віталій Крывіцкі, пастыр Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі ва Украіне, распавёў у інтэрв’ю Vatican News пра сітуацыю ў парафіях і значэнне веры для пераадолення выпрабавання вайной.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Іерарх адзначыў, што людзі маюць усё мацнейшае адчуванне стомленасці і пакінутасці ў цяжкім досведзе, які перажываюць. “Мы пакутуем ад таго, што многія дагэтуль не разумеюць, хто сапраўдны агрэсар і іх стаўленне бывае неадназначным”, - сказаў ён.

Біскуп Крывіцкі перакананы ў тым, што вайна – гэта цяжкае выпрабаванне для хрысціянскай любові вернікаў. “Мы здаём экзамен з веры і нашай чалавечнасці, а таксама з еднасці, як унутры нашай Бацькаўшчыны, так і за яе межамі”, - адзначыў іерарх, прызнаючыся, што цяпер цяжка казаць людзям пра любоў да ворагаў. “Здзейсненыя злачынствы, боль і нашы слёзы пераважаюць і мы павінны паважаць гэта”, - сказаў ён.

Па словах пастыра Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі, за час вайны значна змянілася сітуацыя ў парафіях: частка вернікаў выехала за мяжу або ў іншыя рэгіёны краіны, многія загінулі або атрымалі раненні. Вайскоўцы, якія былі на фронце, вяртаюцца зусім іншымі людзьмі; змяняюцца таксама іх сем’і. “Усіх гэтых змен не можа не адчуваць кожная наша парафія, і малая, і вялікая – кожны з нас носіць раны гэтай жорсткай вайны”, - падкрэсліў іерарх.

Біскуп расказаў, што ў гэты час ідзе не толькі ўзброеная барацьба, але таксама духоўная: некаторыя людзі падчас вайны згубілі веру; іншыя, наадварот – адкрылі для сябе Бога.

“Калі мы сёння гаворым аб спыненні вайны, аб справядлівым міры, мы ведаем, што ён ніколі не прыходзіць сам па сабе. І мы кажам пра гэта людзям: кажам, што павінен быць нейкі шлях, які мы павінны прайсці, на падабенства ізраільцян, якія выходзілі з Егіпту. Яны патрабавалі часу, своеасаблівага выпрабавання, пэўных цярпенняў. Мы праходзім праз гэта зараз”, - дадаў пастыр.

Іерарх распавёў пра існаванне мноства сведчанняў таго, як малітва маці дапамагла іх сынам застацца жывымі на фронце ў здавалася б цалкам безнадзейных сітуацыях.

Біскуп Крывіцкі заўважыў, што людзі пытаюцца пра тое, ці сапраўды ёсць Бог, калі навокал здзяйсняецца столькі злачынстваў. Адказваючы, ён нагадвае, што не Бог з’яўляецца творцам зла: Ён даў чалавеку свабодную волю, свабоду выбару і кожны выбірае згодна са сваёй верай і сваім пунктам гледжання. “Безумоўна, што ў свой час кожны адкажа за гэта перад Богам”, - падкрэсліў украінскі іерарх.
 

21 лютага 2024, 10:37