Пошук

Сястра Люцыя Бальцэвіч FMA, айцец Анджэй Юхневіч ОМІ, cястра Марцэліна Мігач ISSM Сястра Люцыя Бальцэвіч FMA, айцец Анджэй Юхневіч ОМІ, cястра Марцэліна Мігач ISSM 

Айцец Юхневіч пасля рымскай сустрэчы: выходзім на новы ўзровень

Беларуская рэдакцыя Vatican News паразмаўляла з айцом Анджэем Юхневічам, аблатам Марыі Безаганнай і старшынёй Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў у Беларусі, які правёў мінулыя дні ў Вечным Горадзе.

Vatican News

Інтэрв’ю адбылося ў кулуарах Міжнароднай пленарнай асамблеі прадстаўнікоў кансэкраваных асоб, якая праходзіла ў Рыме 1-4 лютага 2024 года. Каля 300 дэлегатаў з 60-і краін свету сабраліся разам у Ватыкане ў межах падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года.

Удзельнічалі ў сустрэчы і прадстаўнікі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі: айцец Анджэй Юхневіч ОМІ – старшыня, cястра Марцэліна Мігач ISSM – намесніца, cястра Люцыя Бальцэвіч FMA, cакратар.

- Гэта першая сустрэча такога міжнароднага ўзроўню, у якой бяруць удзел прадстаўнікі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў з Беларусі?

Айцец Анджэй Юхневіч ОМІ: На колькі мне вядома, у такім фармаце і такой колькасцю прадстаўнікі Рады Каардынацыйнай групы ўдзельнічаюць першы раз у міжнароднай сустрэчы. Гэта сапраўды добрае мерапрыемства, таму што на ім прысутнічалі людзі з многіх краін свету. Для нас гэта вельмі важна, таму што са свайго беларускага асяроддзя хочам выйсці на больш шырокія воды і распавесці, што кансэкраваныя асобы ёсць таксама ў нашай краіне. На маю думку, гэта пашырыць наш гарызонт і дапаможа памятаць, што мы з’яўляемся часткай Касцёла, які гаворыць рознымі мовамі, культурамі, і яго твар мае розныя колеры.

- Якія ўражанні?

Шчыра кажучы, прыгожы, добры досвед міжнароднасці і супольнага жадання абнаўлення.

- Наколькі гэта важна?

У Рыме – у Сэрцы Касцёла, кансэкраваныя асобы разважалі на тэму Пілігрымы надзеі. Яна звязана з падрыхтоўкай да перажывання Юбілейнага 2025-га года. Разважанні мелі вельмі шырокі спектр і датычылі: асабістага досведу надзеі на дарозе паклікання, нясення яе іншым, а таксама спадзяванняў, якія носяць у сабе людзі, да каторых пасланы кансэкраваныя асобы, рэалізуючы сваю харызму ў штодзённасці.

Сённяшні чалавек, свет і Касцёл патрабуюць надзеі. Рэчаіснасць манаскіх асоб на лацінскай мове акрэслена як vita consecrata. Яны маюць пакліканне ўносіць жыццё, гэта значыць ажыўляць Божым духам асяроддзе свайго прабывання. Несумненна, пілігрымка ў Святы Горад дадала і ўзмацніла надзею.

Падчас міжнароднай асамблеі прадстаўнікоў кансэкраваных асоб у Рыме
Падчас міжнароднай асамблеі прадстаўнікоў кансэкраваных асоб у Рыме

- Што найбольш уразіла і натхніла падчас рымскай сустрэчы?

Напэўна працоўная частка, калі кожны ўдзельнік рабіў свой унёсак, мог распавесці пра досвед сваёй штодзённасці. І напэўна святая Імша, узначаленая Святым Айцом 2 лютага 2024 года, калі Касцёл адзначаў свята Ахвяравання Пана і Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. Сама прыгожая літургія, словы Папы Францішка, якія заахвочвалі і настаўлялі, несумненна, дадалі ўсім удзельнікам святла і адвагі. Святы Айцец заклікаў манаскіх асоб не паддавацца духоўнаму сну, расчараванню і прыгнечанасці – не высылаць надзею на пенсію.

- Магчыма, удзельнікі з Беларусі ўключаліся ў дыскусіі падчас сустрэч у рамках Асамблеі?

Дыскусіі былі больш падобныя на дзяленне перажытым і досведам, а праз гэта кожны пачуў нешта новае. Праца ў групах была рэалізавана сінадальным метадам – больш слухаць Бога і бліжняга, каб пачуць адно аднаго. Групы былі змешаныя, у круглых сталах удзельнічалі манахі, манахіні, кансэкраваныя асобы з таварыстваў свецкага жыцця і кансэкраваныя дзевы і ўдовы. Таму думкі людзей з настолькі рознага кантэксту, розных культур і краін, гэта сапраўды ўзбагаціла.

Галоўным чынам удзельнікі рабочых груп дзяліліся болем і радасцю, якія маглі паказаць гарызонты супольнага дзеяння і падарожжа ў сферах асабістага, супольнага, агульнакасцёльнага і грамадска-палітычнага жыцця. Гэта дапамагло стварыць як быццам тапаграфічную карту кансэкраванага жыцця на розных узроўнях і ўбачыць гарызонт новых магчымасцей.

Падчас міжнароднай асамблеі прадстаўнікоў кансэкраваных асоб у Рыме
Падчас міжнароднай асамблеі прадстаўнікоў кансэкраваных асоб у Рыме

- Наколькі гэта было актуальна для Беларусі?

На маю думку, гэта было вельмі важна для нас і нашай краіны. Удзельнікі з розных краін і кантынентаў самі прышлі да агульнай высновы, што, нягледзячы на такую разнастайнасць, у нас падобныя клопаты і рашэнні. Мы ўсе патрабуем надзеі. Таксама, можна сказаць, што мы выходзім на іншы, міжнародны ўзровень, а гэта дапамагае засяроджвацца не выключна на сваіх справах, але і перажываць супольнасць Касцёла больш шырокім чынам.

- Якія ініцыятывы плануе Каардынацыйная група падчас Юбілейнага 2025 года ў Беларусі?

Гаворка ідзе пра фармацыйныя спатканні для кансэкраванай моладзі і старэйшых кансэкраваных, два туры рэкалекцый для манахаў і манахінь, а таксама агульнабеларускі дзень Кансэкраванага жыцця і – крышку адважная задума – пілігрымку кансэкраваных асоб у Рым у кастрычніку 2025 года на сусветнае святкаванне Юбілейнага года. Спадзяёмся, што нашы планы і мары споўняцца.

- Каардынацыйная група ў Беларусі працуе некалькі гадоў. Мы можам ужо казаць пра нейкія вынікі?

Перш за ўсё, важна, што мы аб’ядналіся як кансэкраваныя асобы ў нашай краіне. Гэта спроба дзейнічаць больш інтэгральна, з’яднана, да чаго заклікае нас сёння Касцёл, не губляючы сваёй харызмы і асаблівасцей.

- Можа ёсць ці плануюцца нейкія цікавыя і важныя для ўсяго Касцёла праекты?

Так, ужо два гады рэалізуецца добра падрыхтаваны нашымі папярэднікамі праект узмацнення кампетэнцый кансэкраваных асоб. Падчас заняткаў у яго рамках мы пазнаём методыку планавання, менеджмента, але таксама – вучымся працаваць у камандзе і супольнасці. Нядаўна праект пашырыўся – у ім бяруць удзел не толькі кансэкраваныя асобы, але і дыяцэзіяльныя святары. Наступны этап – уключэнне свецкіх вернікаў, якія могуць зрабіць свой унёсак у фарміраванне касцёльнай супольнасці. Спадзяёмся, што гэты праект народзіць новыя прапановы і напрамкі, скіраваныя на развіццё манаскіх супольнасцей і Касцёла ў Беларусі ў цэлым.
 

07 лютага 2024, 18:42