Пошук

Кардынал Матэа Марыя Дзупі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі Кардынал Матэа Марыя Дзупі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі  (ANSA)

Кардынал Дзупі: трэба ўпарта імкнуцца да міру, і ён прыйдзе

З заклікам да спынення агню ў Святой Зямлі і асуджэннем антысемітызму выступіў на італьянскім тэлебачанні старшыня епіскапату Італіі, кардынал Матэа Дзупі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"Мы заўсёды павінны імкнуцца да міру, вайна – гэта жудасная параза. Кожны дадатковы дзень вайны – трывожны дзень. Мір – гэта тое, што патрабуе шмат спробаў, шмат эксперыментаў, яго трэба ўпарта шукаць, і мы перакананыя, што ён прыйдзе", - сказаў 18 лютага 2024 года ў эфіры італьянскага тэлебачання RAI арцыбіскуп Балоньі і Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі, кардынал Матэа Дзупі.

Што тычыцца вайны Ізраіля з ХАМАС, іерарх паўтарыў "рэзкае і яснае асуджэнне" антысемітызму і тэрактаў 7 кастрычніка 2023 года, калі джыхадзісты забілі каля 1200 ізраільскіх грамадзян. Па яго словах, адбыўся "жудасны гвалт у дачыненні да нявінных", які нельга прыняць.

Спасылаючыся на нядаўнія словы Дзяржсакратара П'етра Параліна, Дзупі заклікаў да спынення агню, таму што "гэтая аперацыя не апраўдвае вялікай колькасці ахвяр". "Спадзяемся, што гэты зварот будзе пачуты Ізраілем і мы пачнём глядзець у будучыню”, - сказаў старшыня італьянскага епіскапату.

У дачыненні да вайны ва Украіне кардынал Дзупі адзначыў, што гуманітарная місія, даручаная яму Францішкам, працягваецца. "Два нунцыя, у Маскве і ў Кіеве, застаюцца на сувязі і дапамагаюць у кантактах паміж бакамі, каб была магчымасць ініцыяваць (і гэта ўжо адбылося) ўз'яднанне сем'яў з дзецьмі, якія знаходзяцца ў Расіі".

20 лютага 2024, 13:01