Пошук

Кардынал Рэйнхард Маркс Кардынал Рэйнхард Маркс  

Кардынал Маркс: хрысціянская этыка міру не наіўная

У Мюнхене падчас сімпозіуму тэолагаў і этыкаў, якія абмяркоўвалі прынцыпы трывалага міру ў Еўропе, кардынал Рэйнхард Маркс агучыў ідэю стварыць Міжнародную каталіцкую федэрацыю міру.

Ян Глінскі

Як сцвердзіў арцыбіскуп Мюнхенскі, сусветная супольнасць зараз уцягнута ў “амаль безнадзейную спіраль усё большай эскалацыі насілля”, у сувязі з чым голас хрысціянскай веры набывае асаблівую вартасць і актуальнасць. “Заклікае ён да міру, паяднання, разважлівасці і пераадолення насілля, але адначасова прызнае права на самаабарону і міжнародную адказнасць за абарону”, – адзначыў кардынал.

У той жа час нямецкі іерарх заклікаў правільна спалучаць рашучасць і разважлівасць: “Рашучасць, каб эфектыўна абараняць такія каштоўнасці як чалавечая годнасць, свабода і дэмакратыя, а таксама салідарна стаяць разам, а разважлівасць і дыпламатычная мудрасць, каб пазбегнуць і пераадолець калектыўную варожасць і эскалацыю”.

Свае погляды арцыбіскуп Мюнхенскі прадставіў у прывітальным слове падчас канферэнцыі Выклікі расійскай вайны супраць Украіны і этычныя прынцыпы трывалага міру ў Еўропе. Арганізатарамі двухдзённага сімпозіума выступілі Мюнхенскі ўніверсітэт імя Людвіка і Максімільяна, Украінскі Каталіцкі Універсітэт у Львове і Універсітэт Нотр-Дам з ЗША.

“Хрысціянская этыка міру не наіўная: яна бярэ пад увагу чалавечую схільнасць да насілля і базуецца на моцы паяднання”, – падкрэсліў кардынал Маркс, нагадаўшы ў гэтым кантэксце аб стварэнні Альянсу міру нямецкіх католікаў пасля Першай сусветнай вайны і прадставіў ідэю “новага міжнароднага альянсу міру католікаў”.

Паводле нямецкага іерарха, у наш час “ключавую ролю можа адыграць таксама экуменічны дыялог з праваслаўнымі сёстрамі і братамі і дыялог з рознымі прадстаўнікамі ісламу”. “Аднак нельга злоўжываць рэлігіяй для апраўдання вайны і варожасці”, – дадаў кардынал Маркс.

На яго думку, канфлікт у Афганістане паказаў, што добра ўзброеным заходнім дзяржавам “не хапае прафесіяналізацыі кіравання канфліктамі ў грамадзянскай супольнасці з мэтай гарантавання трывалага міру”, які можна дасягнуць толькі дзякуючы міжнароднай салідарнасці і актыўнаму ўдзелу грамадзянскай супольнасці.

Па словах кардынала Маркса, насілле і парушэнне правоў чалавека трэба распазнаваць на ранняй стадыі, таксама як трэба супрацьстаяць ідэалогіям, рэпрэсіўным формам палітыкі і маргіналізацыі. Акрамя гэтага, неабходна прыняць жорсткія меры супраць маніпулявання грамадскай думкай у лічбавых СМІ, у цені якіх распаўсюджваюцца нацыяналістычна-агрэсіўныя мадэлі мыслення. Таму важна рашуча супрацьстаяць стэрэатыпам ворага і разумець міжнародную дамоўленасць як выклік, які ўсё часцей уключае кліматычную і міграцыйную палітыку, а таксама палітыку развіцця. Толькі такім чынам свет можа дасягнуць справядлівага і трывалага міру.

16 лютага 2024, 09:54