Нунцый у Кіеве: мы глядзім смерці ў вочы, але не губляем надзею
Марыя Валодзіна - Vatican News
Іерарх распавёў пра сітуацыю вялікіх пакут ва Украіне. “Тысячы палонных жывуць, дакладней, выжываюць у нечалавечых умовах, прынамсі калі меркаваць па аповедах тых, хто вярнуўся дадому. Кожную раніцу я пачынаю малітву ў яднанні з імі і з дзецьмі, разлучанымі з бацькамі або апекунамі, таму што ведаю: яны перажываюць сапраўднае пекла і, за рэдкімі выключэннямі, ім ніяк не дапамагчы. Хтосьці жыве ў прыфрантавых рэгіёнах, пераважна пажылыя або бедныя людзі, якія не маюць рашучасці або фізічнай магчымасці шукаць свой лёс дзе-небудзь яшчэ. Больш за тое, яны цалкам залежаць ад гуманітарнай дапамогі, уключаючы ваду і хлеб. І ёсць цэлая сетка святароў, дабрачынцаў і валанцёраў, якія занятыя наладжваннем лагістычнай транспартнай сеткі, часам на тысячы кіламетраў. Мільёны дзяцей ва ўсходніх рэгіёнах не маюць магчымасці хадзіць у школу яшчэ з пачатку пандэміі, гэта значыць яны чатыры гады калі і вучацца, то толькі дыстанцыйна. У некаторых гарадах будуюцца падземныя школы, каб засцерагчыся ад частых бамбардзіровак”, - падзяліўся арцыбіскуп Кульбокас, адзначаючы, што яму цяжка доўга размаўляць з людзьмі, якія не перажылі такі ж досвед: “Такое ўражанне, што мы жывем у розных светах, дзе прыярытэты зусім розныя. Не кажучы ўжо пра загінулых і скалечаных на вайне, пра мільёны перамешчаных асоб і бежанцаў”.
“Тыя, хто жыве ў прыфрантавых гарадах, такіх як Херсон і нават Харкаў, прывыклі глядзець у вочы смерці. У гэтым сэнсе Кіеў знаходзіцца ў больш спрыяльным становішчы, бо ракетныя бамбардзіроўкі і атакі беспілотнікаў адбываюцца не кожны дзень, плюс там дзейнічае прывілей – больш магутная сістэма супрацьпаветранай абароны. (...) Але бліжэй да фронту людзі выходзяць на вуліцы мінімальна: толькі, каб схадзіць у касцёл, атрымаць ежу і вырашыць іншыя надзённыя патрэбы".
На пытанне аб тым, што яго больш за ўсё ўражвае ў апавяданнях людзей, якія вяртаюцца з фронту, арцыбіскуп Кульбокас адказаў: “Мяне неаднаразова ўражвала тое, што некаторыя вайскоўцы распавядалі пра малітоўнае жыццё і веру ў самыя жорсткія моманты на перадавой. Тут варта ўдакладніць, хто гэтыя вайскоўцы: цяпер вайскоўцамі сталі ўсе, ад выкладчыка ўніверсітэта да ІТ-спецыяліста, ад тэатральнага акцёра да прадпрымальніка”.
Нунцый распавёў, што яму неаднаразова даводзілася чуць сведчанні аб тым, што ўвесь час, пад абстрэламі, у акопах або падчас контратакі, чалавек маліўся і адчуваў, што Езус стаіць побач з ім. Вакол свісталі кулі і выбухалі міны, але ён заставаўся жывы.
“Іншая катэгорыя апавяданняў, якая мяне ўражваюць, - гэта апавяданні былых палонных”, - падзяліўся ён, але ўстрымаўся ад пераказу: “Яны неапісальныя, і я лічу, што лепш, каб яны самі распавядалі пра гэта, калі змогуць”.
Гаворачы аб магчымых проблісках дыпламатычнага рашэння, Вісвальдас Кульбокас адзначыў, што асабіста ён не бачыць ніякіх пробліскаў, але з Божай ласкай усё можа змяніцца ў адно імгненне: “Наша спадзяванне на Міласэрнага Пана павінна быць як мага больш поўным”. Нунцый дадаў, што самыя настойлівыя дыпламатычныя спробы зыходзяць ад той катэгорыі краін і міжнародных арганізацый, якія не ідэнтыфікуюць сябе цалкам ні з адным з ваюючых бакоў.
Па словах іерарха, роля Касцёла па дапамозе насельніцтву надзвычай важная перш за ўсё з духоўнага пункту гледжання: “Такая жорсткая вайна выклікае роспач сярод людзей, бо немагчыма зразумець, як падобнае магло здарыцца ў XXI стагоддзі”.
Іншай сферай дзейнасці Касцёла з'яўляецца гуманітарная дапамога, і ў гэтай галіне максімум намаганняў прыкладаюць Апостальская Сталіца, Папскі элемазінарый і Дыкастэрыя служэння інтэгральнаму развіццю чалавека, а таксама міжнародныя дабрачынныя арганізацыі і мясцовыя Цэрквы, распавёў апостальскі нунцый ва Украіне.