Пошук

Арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі Арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі 

Польшча: ахвяраванні ў Папяльцовую сераду – для ўкраінцаў

“Прашу арганізаваць агульнапольскі грашовы збор ва ўсіх парафіях Польшчы пасля кожнай святой Імшы ў Папяльцовую сераду 14 лютага”, - напісаў старшыня епіскапату Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі ў Закліку аб салідарнасці з ахвярамі вайны ва Украіне

Ян Глінскі

Сабраныя сродкі, як адзначыў іерарх, будуць перададзены праз Caritas Polska на “падтрымку асобаў у найбольшай патрэбе: пенсіянераў, непаўнаспраўных, а таксама сем’яў, якія страцілі свой дом”.

Вайна працягваецца, “таму, нягледзячы на пэўную стомленасць ад гэтай тэмы, салідарнасць з народам Украіны тым больш неабходная”. “Як Касцёл у Польшчы мы хочам працягваць гэтую вялікую справу дапамогі, таму звяртаюся з гарачым заклікам да няспыннай салідарнасці з патрабуючымі ўкраінцамі”, - адзначыў арцыбіскуп Гандэцкі.

Старшыня епіскапату звярнуў увагу, што “ад самага пачатку вайны Касцёл у Польшчы – праз пасрэдніцтва Caritas Polska, дыяцэзіяльны Caritas, Бюро Дапамога Касцёлу на Усходзе, мужскіх і жаночых законных таварыстваў, парафій, установаў і фірм, а таксама прыватных асобаў – дапамагае патрабуючым украінцам як у Польшчы, так і ва Украіне”.

У Польшы пад кіраўніцтвам Caritas дзейнічаюць 28 Цэнтраў дапамогі мігрантам і бежанцам, у якіх атрымліваюць дапамогу больш за 92 тысячы бежанцаў. 30% з іх – гэта дзеці. Звыш 70 тысяч дарослых і дзяцей атрымалі псіхалагічную падтрымку і інтэграцыйную дапамогу. Звыш 10 тысяч чалавек удзельнічалі ў курсах польскай мовы, каля 14 тысяч чалавек атрымалі дапамогу ў пошуку працы. У 2023 годзе больш за 23 тысячы чалавек знайшлі прытулак у цэнтрах Caritas і іншых касцёльных установах.
 

09 лютага 2024, 08:48