Пошук

Акцыя "Канвой міласэрнасці" Акцыя "Канвой міласэрнасці"  

Рыцары Калумба арганізавалі навэнну за Украіну

Міжнародная супольнасць “Рыцараў Калумба” заахвочвае католікаў з усяго свету на працягу дзевяці дзён маліцца за Украіну. Навэнна аб міры і аздараўленні распачалася 15 лютага і завершыцца напярэдадні другой гадавіны вайны ва Украіне – 23 лютага 2024 года.

Ян Глінскі

Услед за словамі святога Паўла “зло дабром перамагаць” (Рым 12, 21) супольнасць Рыцараў Калумба заклікае маліцца навэнну не толькі індывідуальна, але перш за ўсё ў парафіях. Кожны дзень навэнны прысвечаны малітве за пэўную групу, якая пацярпела ад вайны: за ўдоваў, сіротаў, загінуўшых, ветэранаў, ратаўнікоў і медыцынскія службы.

Рыцары штодзень будуць публікаваць на сваёй старонцы Knights of Columbus і ў сацыяльных сетках новыя відэа, у якіх прадстаўнік пэўнай групы будзе чытаць разважанне і весці малітву.

“Сітуацыя на фронце дынамічна змяняецца, час ад часу абодва бакі бяруць на сябе ініцыятыву, а значыць цяжка будзе адшукаць шанс на заканчэнне вайны, – адзначыў Дзярждэлегат Кшыштаф Зуба, лідар супольнасці Рыцараў Калумба ў Польшчы. – Вось чаму малітва аб міры такая важная, бо для Бога няма нічога немагчымага. Нашай руплівасцю мы можам змяніць сітуацыю ва Украіне”.

Навэнна, напісаная ўкраінкай, падрыхтавана такім чынам, што яе можна маліцца незалежна ад даты. А таму, як адзначылі Рыцары, гэтая навэнна можа стаць бесперапыннай, нястомнай.

Навэнна ўпісваецца ў больш шырокі кантэкст дапамогі, якую арганізацыя нясе пацярпелым ва Украіне. З дапамогай Канвою міласэрнасці (Convoys of Mercy) каля 10 тысяч Рыцараў у Польшчы і ва Украіне даставілі патрабуючым украінцам звыш 3,5 тысяч тон прадуктаў харчавання і іншых тавараў, у тым ліку 250 тысяч прадуктовых набораў, чатыры тысячы зімовых куртак для дзяцей, 60 тысяч ружанцаў, а таксама сотні інвалідных калясак, электрагенератараў і іншых неабходных сродкаў. На сёння налічваецца 1,6 мільёнаў чалавек, якія атрымалі дапамогу ад гэтай міжнароднай супольнасці.

Як паведаміў у размове з Каталіцкім інфармацыйным агенцтвам КАІ Кшыштаф Зуба, многія члены арганізацыі маюць магчымасць “кантактаваць асабіста з пацярпелымі ад вайны”, што “дае вялікую матывацыю” і дапамагае “не стамляцца ў дапамаганні”.

Рыцары Калумба (Knights of Columbus) – гэта самая вялікая ў свеце арганізацыя мужчын католікаў, у якой налічваецца звыш двух мільёнаў чалавек. Заснаваў яе у 1882 годзе ў амерыканскім Нью-Хэвэне 29-гадовы ксёндз Майкл МакГіўні, беатыфікаваны ў 2020 годзе. Амерыканскі душпастыр сабраў групу мужчын, якія мелі жаданне падтрымліваць адзін аднаго і ўзрастаць у каталіцкай веры. Рыцары Калумба жывуць паводле прынцыпаў міласэрнасці, адзінства, братэрства і патрыятызму.

16 лютага 2024, 09:25