Пошук

Біскуп Марыяна Крачата, старшыня COMECE Біскуп Марыяна Крачата, старшыня COMECE  

Старшыня COMECE: рашуча імкнуцца да мірнай дыпламатыі

Не прызвычайвацца да вайны і рашуча імкнуцца да мірнай дыпламатыі заклікаў Старшыня Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE).

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв’ю італьянскаму інфармацыйнаму агенцтву SIR у другую гадавіну вайны ва Украіне, 24 лютага 2024 года, біскуп Марыяна Крачата выказаў спадзяванне на тое, што дыпламатычныя ініцыятывы будуць разгорнутыя ва ўсіх напрамках і з усёй магчымай шырынёй".

"Гэтая вайна стала іспытам для Еўрапейскага Саюза, па меншай меры, па двух прычынах: іспытам адзінства, якога яна патрабуе, і іспытам у сувязі з пагрозай, якая не вельмі змрочна мільгае на гарызонце".

На думку іерарха, самая сур'ёзная небяспека на гэтым этапе – гэта “прывыканне, стомленасць, прызвычайванне да вайны: многія спадзяюцца, што яна застанецца абмежаванай рэгіёнам, у якім яна цяпер разгортваецца, у ілюзіі, што можна працягваць жыць спакойна”. Але “калі пачуццё небяспекі развейваецца і трывога знікае, становіцца рэальнай рызыка не заўважыць тое, што можа адбыцца", - папярэдзіў біскуп Крачата.

Ад імя еўрапейскіх біскупаў і ў адзінстве з Францішкам ён звярнуўся "да кіраўнікоў нацый і міжнародных арганізацый", заклікаючы іх да “ўнутранай мабілізацыі і актывізацыі ўсёй пазітыўнай энергіі народаў і еўрапейскіх інстытутаў".

На пытанне пра тое, як гэты канфлікт успрымаюць у Еўропе, старшыня еўрапейскіх епіскапатаў адказаў, што “пачуццё трывогі непазбежна суправаджала пачатак і ход гэтай вайны. Гістарычныя, ідэалагічныя і псіхалагічныя перапляценні, якія ляжаць у яе аснове, занадта глыбокія і складаныя, каб іх маглі зразумець тыя, хто да сённяшняга часу (прынамсі, з 2014 года) здалёк назіраў за гэтым рэгіёнам, хоць ён і з'яўляецца часткай Еўропы, уключаючы еўрапейскую частку Расіі. (...) Гэтая вайна ў многіх адносінах паўтарае дынаміку і светапогляд, якія, здавалася, адышлі ў мінулае”.

Адказваючы на пытанне пра справядлівы мір, біскуп Крачата сказаў, што яго немагчыма дасягнуць “без павагі да цэласнасці суверэннай краіны і міжнароднага права”. На яго думку, мір патрабуе большых намаганняў, чым тыя, якія неабходныя для вядзення вайны. “Для рэалізацыі мірнай дыпламатычнай ініцыятывы патрабуецца вялікая рашучасць”, - адзначыў старшыня Камісіі біскупскіх канферэнцый ЕС.

26 лютага 2024, 12:28