Пошук

Тыдзень у Беларусі – важнае Тыдзень у Беларусі – важнае 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Гродне развіталіся са спачылым ксяндзом Янам Гавецкім. 22 лютага 2024 года на пахаванні адміністратара парафіі Маці Божай Шкаплернай сабралося звыш 100 святароў, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі. А таксама – вернікі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, дзе ксёндз Ян на працягу 25 гадоў быў пробашчам. Пахавальную Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Зімовыя ўрачыстасці абыліся ў Росіцы. Каб усе былі адно – над гэтымі словамі разважалі вернікі, якія 17 лютага 2024 года прыбылі ў гэтую вёску, каб ушанаваць бласлаўлёных пакутнікаў, айцоў марыянаў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча. Святары былі закатаваныя разам з парафіянамі 1943 годзе падчас карнай аперацыі нацыстаў. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч пры ўдзеле Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч праводзіць Вялікі пост у шпіталі. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падчас святой Імшы ў мінскай архікатэдры 21 лютага 2024 года запрасіў вернікаў да малітвы за ганаровага іерарха. Шпіталізацыя з'яўляецца планавай. Нагадаем, арцыбіскупу Тадэвушу споўнілася 78 гадоў, а год таму ён перанёс аперацыю па выдаленні пухліны.

У Віцебску стартуе цыкл сустрэч на тэму дамініканскай духоўнасці. 24 лютага 2024 года айцы дамінікане распачынаюць новы цыкл спатканняў. Выбраная тэма – Чаму Божая ласка патрэбна для духоўнага развіцця, а перадусім для збаўлення, і як яе атрымліваем? У праграме – Эўхарыстыя, канферэнцыі, дыскусіі, спектакль.

Абраны новы вышэйшы настаяцель меншых братоў капуцынаў у Беларусі – ім стаў брат Алег Шэнда. Такое рашэнне прынялі на Капітуле Кустодыі, які праходзіў 19-21 лютага 2024 года ў кляштары пры парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску. Раз на тры гады структурная адзінка ордэна збіраецца, каб падвесці вынікі жыцця і дзейнасці супольнасці, распазнаць знакі часу ў сучасным свеце і Касцёле, разам вызначыцца адносна кірункаў і спосабаў дзеяння на будучыню.

Выйшла дакументальная кніга пра ксяндза Юзафа Барадзюлю з Віцебшчыны. Выдавецтва Pro Christo выпусціла працу Раісы Зянюк, прымеркаваную да 130-годдзя з дня нараджэння вядомага святара. Ён прынёс вялікую ахвяру дзеля сведчання веры – рэпрэсаваны за сваю святарскую дзейнасць, больш за 25 гадоў правёў пад арыштамі, у турмах і ссылках, і нават пасля вызвалення амаль да канца свайго жыцця не меў права афіцыйна займацца душпастырствам. Аўтарка кнігі сабрала мноства дакументаў і матэрыялаў у архівах Беларусі і замежжа, сустрэлася са сваякамі ксяндза Юзафа.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

24 лютага 2024, 08:41