Пошук

Кардынал Даніэль ДзіНарда з Галвестана-Х’юстана Кардынал Даніэль ДзіНарда з Галвестана-Х’юстана  (AFP or licensors)

ЗША: кардыналы ўзялі патранат над новым фондам дапамогі Украіне

У ЗША абвясцілі аб стварэнні новага канала дапамогі людзям, якія пакутуюць ва Украіне. Ініцыятарамі сталі чатыры украінскія грэка-каталіцкія епіскапы на чале з Мітрапалітам Філадэльфійскім Барысам Гудзяком.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Фонд для лячэння параненых ва Украіне атрымаў вялікую падтрымку з боку Рыма-Каталіцкага Касцёла. Сем амерыканскіх кардыналаў прынялі рашэнне ўзяць патранат над ініцыятывай, а дзве лацінскія архідыяцэзіі: у Бостане і Галвестан-Х'юстане ўжо ахвяравалі на гэтыя мэты больш за 1 мільён долараў.

У заяве грэка-каталіцкіх іерархаў гаворыцца пра “рэструктурызацыю” старога Фонду гуманітарнай дапамогі. Яны выказалі вялікую ўдзячнасць кардыналам: Блэзу С’юпічу з Чыкага, Даніэлю ДзіНарда з Галвестана-Х’юстана, Цімаці Долану з Нью-Ёрка, Уілтану Грэгары з Вашынгтона, Роберту МакЭлрою з Сан-Дыега, Шону О`Мэлі з Бостана і Джозэфу Тобіну з Ньюарка.

На гэты момант 6400 асоб ахвяравалі 7,5 мільёна долараў, з якіх 7,2 мільёна ўжо выдаткавана. Грошы прызначаны на розныя мэты, напрыклад, на дапамогу ўнутрана перамешчаным асобам і бежанцам, якіх – паводле ААН – 3,7 мільёна і 6,6 мільёна адпаведна, а затым на лекі і сродкі першай дапамогі, неадкладную харчовую дапамогу.

Новы фонд не будзе абцяжараны адміністрацыйнымі выдаткамі, паколькі апрацоўкай сродкаў і іншымі справамі будуць займацца валанцёры з Філадэльфійскай епархіі.

Грэка-каталіцкія іерархі зазначылі, што новая ініцыятыва мае на мэце, у тым ліку: “лячэнне фізічных, эмацыянальных і духоўных ран людзей, параненых злачынным уварваннем Расіі”.
 

26 лютага 2024, 12:14