Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Абвешчана дата абрання новага Патрыярха Балгарскага

Выбары новага мітрапаліта Сафійскага і Патрыярха Балгарскага адбудуцца 30 чэрвеня 2024 года. Так пастанавіў Святы Сінод Балгарскай Праваслаўнай Царквы на пасяджэнні 19 сакавіка ў Сафіі.

Ян Глінскі

На гэтай пасадзе новаабраны прадстаяцель заступіць Патрыярха Балгарскай Праваслаўнай Царквы Неафіта, які 13 сакавіка гэтага года памёр пасля доўгай хваробы ва ўзросце 78 гадоў. На сёння Царквой кіруе той жа Святы Сінод, які часова (з тытулам намесніка старшыні) узначальвае Мітрапаліт Врачанскі Грыгорый.

Паводле Статуту Балгарскай Праваслаўнай Царквы, у выбарах новага Патрыярха маюць права ўдзельнічаць усе мітрапаліты, гэта значыць кіраўнікі епархій, якія дасягнулі 50-гадовага ўзросту і займаюць пасаду не менш за 5 гадоў. На дадзены момант гэтым умовам адпавядаюць 9 з 13 членаў Сінода.

Таксама ўжо вядома, што мітрапаліт Плоўдзіўскі Мікалай не будзе балатавацца на гэтую пасаду, аб чым ён сам заявіў. У той жа час іерарх рэзка раскрытыкаваў некаторыя СМІ за спекуляцыі наконт будучага Патрыярха яшчэ пры жыцці цяжкахворага кіраўніка Царквы і неўзабаве пасля яго смерці. 

Для спрашчэння выбарчага працэсу 2 чэрвеня ўсе мітрапаліты правядуць у сваіх епархіях выбары дэлегатаў на Патрыяршы выбарчы Сабор, запланаваны на нядзелю 30 чэрвеня. Затым 20 чэрвеня Святы Сінод збярэцца на пазачарговым пасяджэнні, каб падчас унутранага галасавання абраць са свайго складу трох кандыдатаў на новага кіраўніка Царквы.

Падчас згаданага пасяджэння ў Сафіі айцы Сінода таксама пастанавілі, што ў нядзелю 26 мая адбудуцца кананічныя выбары новага мітрапаліта Слівенскага замест памерлага 9 студзеня 2024 года Іаанікія. Справа абрання наступніка Іаанікія выклікала вялікія хваляванні і масавыя пратэсты сярод ніжэйшага духавенства і вернікаў у Балгарскай Царкве, перш за ўсё ў Слівенскай епархіі.

Справа ў тым, што 18 лютага ўпаўнаважаны епархіяльны выбарчы орган у складзе епіскапаў, духоўных і свецкіх дэлегатаў абраў двух кандыдатаў у асобах епіскапаў Іерафея і Міхаіла, імёны якіх былі дасланыя Святому Сіноду. Аднак напярэдадні выбараў, якія былі запаланаваны на 25 лютага, члены Сінода адмянілі гэтыя рашэнні і пастанавілі адкласці выбары на нявызначаны тэрмін, што і выклікала бурныя пратэсты і дэманстрацыі. Смерць Патрыярха крыху злагодзіла сітуацыю, але пратэсты не спыніліся.

 

22 сакавіка 2024, 08:58