Пошук

Члены Канферэнцыі біскупаў паўночных краін Члены Канферэнцыі біскупаў паўночных краін 

Біскупы скандынаўскіх краін: украінскія бежанцы – жаданыя госці

Удзельнікі пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Біскупаў краін Паўночнай Еўропы абвясцілі акцыю салідарнасці, якая пройдзе ў межах урачыстасці Спаслання Духа Святога.

Ян Глінскі

Аб гэтым было абвешчана ў Люксембурзе на заканчэнне працы пасяджэння Апостальскім Экзархам для ўкраінцаў візантыйскага абраду ў Германіі і Скандынавіі біскупам Багданам Дзюрахам.

Канферэнцыя біскупаў паўночных краін (NBK) запэўніла ў сваёй салідарнасці з украінскім народам, змучаным вайной. Іерархі апублікавалі чарговую заяву на тэму вайны ва Украіне, у якой выказалі свой смутак з прычыны “шматлікіх смерцяў, раненняў, мноства людзей, вымушаных пакінуць свае дамы, параненых дзяцей, а таксама сістэматычнага руйнавання найцыянальнай, культурнай і рэлігійнай спадчыны”. Як падкрэслілі іерархі, расійская агрэсія выклікае неспакой і ў іх краінах з прычыны абвешчанага Расіяй намеру размясціць вайсковы кантынгент ўздоўж мяжы з Фінляндыяй.

Аўтары заявы адзначылі, што ў такой атмасферы патрэбныя мужнасць і выразнае мысленне. “Неабходна доўгатэрміновая візія еўрапейскай стабільнасці, якая дазволіць міру квітнець сярод устойлівай справядлівасці”, – напісалі біскупы, запэўніваючы, што Касцёл, які дзейнічае ў рэгіёне, хоча ўнесці свой уклад у дасягненне гэтай мэты. Як сцвярджаецца ў дакуменце, “украінскія бежанцы – жаданыя госці”, якія ўзбагачаюць “сваім духоўным багаццем”.

Біскупы скандынаўскіх краін аддаюць даніну павагі мужнай абароне Украіны і намаганням людзей добрай волі, якія імкнуцца “накарміць галодных, суцешыць смуткуючых і паклапаціцца пра хворых”.

Іерархі выказалі асаблівае прызнанне працы дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas ва Украіне. Як і ў мінулым годзе, біскупы аб’яднаюцца ў кампаніі па зборы сродкаў для падтрымкі гуманітарнай дзейнасці Caritas ва Украіне.

Канферэнцыя Біскупаў краін Паўночнай Еўропы аб’ядноўвае каталіцкіх іерархаў Даніі, Нарвегіі, Фінляндыі, Ісландыі і Швецыі.

22 сакавіка 2024, 08:53