Пошук

Кардынал Паўль Ёзэф Кордэс Кардынал Паўль Ёзэф Кордэс 

Папа спачувае пасля смерці кардынала Кордэса

15 сакавіка 2024 года ў Рыме ва ўзросце 89 гадоў памёр нямецкі курыяльны кардынал Паўль Ёзэф Кордэс, старшыня-эмерыт Папскай рады Cor Unum.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак у адмысловай тэлеграме да сям’і памерлага выказаў свае спачуванні і прызнаўся, што “цеплынёй” успамінае іерарха, “які служыў Богу і Касцёлу з вернасцю і шчодрасцю, застаючыся ўважлівым да патрэб свету моладзі і нямоглых людзей, якім сведчыў любоў і пяшчоту Хрыста”.

“Я з удзячнасцю згадваю яго руплівае і шматгадовае супрацоўніцтве са Святым Пасадам, спачатку ў якасці віцэ-старшыні Папскай рады па справах свецкіх, а потым як старшыні Папскай рады Cor Unum, дзе ён не шкадаваў сіл, каб сведчыць аб айцоўскім клопаце Папы аб самых бедных”, - напісаў Пантыфік.

Францішак “узносіць малітву да Пана, каб праз заступніцтва Панны Марыі Ён прыняў свайго вернага слугу і пастыра ў нябесным Ерузалеме”.

Паўль Ёзэф Кордэс нарадзіўся 5 верасня 1934 года ў Кірхундэме, зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія. Вучыўся ў Мюнстэры, Падэрборне і Ліёне. 21 снежня 1961 года прыняў святарскае пасвячэнне. У 1971 годзе атрымаў доктарскую ступень. Адказваў за душпастырскія праблемы ў сакратарыяце Канферэнцыі Біскупаў Германіі.

У кастрычніку 1975 года Павел VI прызначыў яго дапаможным біскупам архідыяцэзіі Падэрборн. Вядомы як паліглот, біскуп Кордэс пачаў працаваць у Рымскай курыі ў 1980 годзе ў якасці віцэ-старшыні Папскай рады па справах свецкіх. Ён быў адным са стваральнікаў Сусветных дзён моладзі, якія праводзяцца з 1984 года. У 1995 годзе атрымаў тытул арцыбіскупа і стаў старшынёй Папскай рады Cor Unum, каардынуючы дабрачынную дапамогу Касцёла.

24 лістапада 2007 года Бэнэдыкт XVI уключыў яго ў Калегію кардыналаў. Быў ганаровым доктарам многіх універсітэтаў. Удзельнічаў у канклаве 2013 года, на якім абралі Папу Францішка.

Пасля смерці кардынала Паўля Ёзэфа Кордэса ў Калегію кардыналаў уваходзяць 238 іерархаў, 129 з якіх валодаюць правам голасу на магчымым канклаве.
 

16 сакавіка 2024, 11:16