Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News
У Будславе праходзіць сустрэча ў межах Года падзякі Маці Божай. 2 сакавіка 2024 года ў Нацыянальным санктуарыі духавенства і вернікі Нясвіжскага дэканату арганізавалі спатканне ў межах Года падзякі Маці Божай і малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Сустрэча, у рамках якой запланаваны набажэнствы, святая Імша, канферэнцыя, прысвечана восьмай Божай запаведзі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выпісаны са шпіталя. Ганаровы іерарх дзякуе лекарам і ўсім, хто за яго маліўся. Арцыбіскуп эмэрыт пакінуў шпіталь 27 лютага 2024 года, куды трапіў з дыягназам мігацельная арытмія сэрца, і праходзіў курс лячэння на працягу двух тыдняў. Лекары паспяхова прывялі ў норму рытм сэрца. У іх інтэнцыі, а таксама за ўсіх, хто за яго маліўся, іерарх будзе цэлебраваць святую Імшу – з просьбай аб патрэбных Божых ласках на плённае перажыванне Вялікага посту.
Дыяцэзіяльная фармацыйная сустрэча катэхетаў прайшла ў Гродне. 25-26 лютага 2024 года святары, законныя сёстры і свецкія катэхеты ўдзельнічалі ў канферэнцыях на тэмы катэхізацыі. У прыватнасці, адной з тэм стала любоў да Бога і бліжняга, якая павінна быць шляхам да плённай катэхізацыі. Цэлебрацыю святой Імшы на завяршэнне сустрэчы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У Ракаве памаліліся за спачылага ксяндза Дзмітрыя Барылу ў першую гадавіну з дня ягонай смерці. 28 лютага 2024 года цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі былога пробашча ракаўскай парафіі і дэкана Валожынскага дэканату ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Сабраныя на малітве з удзячнасцю ўспаміналі спачылага шматгадовага душпастыра і ўзносілі малітвы аб супакоі для яго душы.
Фармацыйная сустрэча для мужчын прайшла ў Глыбокім. 24 лютага 2024 года спатканне арганізаваў айцец францішканін Віктар Мялешка, які пазнаёміў удзельнікаў з Кодэксам сусветнага каталіцкага мужчынскага руху Воіны Марыі, заснаванага ў Польшчы. Яго мэта – фармацыя мужчын, якія імкнуцца быць добрымі мужамі і бацькамі, выконваючы сваю місію ў Касцёле і ў грамадстве. Сабраныя разважалі над таямніцамі Ружанца, удзельнічалі ў набажэнствах, працавалі ў групах.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.