Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У 11-ю гадавіну пантыфіката Францішка арцыбіскуп Антэ Ёзіч запрасіў да малітвы за Святога Айца. 13 сакавіка 2024 года Апостальскі нунцый узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскай катэдры з нагоды гадавіны абрання Папы Францішка на пасад святога Пятра. Прадстаўнік Святога Айца распавёў пра сваю мінулую сустрэчу з ім, падчас якой Пантыфік прасіў перадаць "ўладам, народу, вернікам, што Папа за іх моліцца", а таксама нагадаў аб просьбе Францішка маліцца за яго.
Прызначаны новыя канонікі ў Віцебскі катэдральны капітул. 12 сакавіка 2024 года біскуп Віцебскі Алег Буткевіч з нагоды 25-годдзя дыяцэзіі ўзнагародзіў тытулам каноніка васьмярых святароў. У прыватнасці, грэміяльнымі канонікамі сталі Аляксей Ляшко і Валерый Марціноўскі. Біскуп нагадаў, што Віцебскі капітул з’яўляецца найстарэйшым у Беларусі. Новыя канонікі вызналі веру і склалі прысягу вернасці Касцёлу.
У Магілёве біскуп Аляксандр Яшэўскі ўзначаліў развітанне з паважанай верніцай. 13 сакавіка 2024 года Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі цэлебраваў пахавальную святую Імшу, на якой сабраліся жыхары горада, каб развітацца з парафіянкай Ірынай Шлякавай. Яна адышла ў вечнасць на 85-м годзе жыцця пасля некалькіх аперацый у шпіталі, куды яна трапіла з-за наезду на яе аўтамабіля. Пані Ірына была адной з самых паважаных каталіцкіх верніц горада, стаяла ля вытокаў адраджэння парафіі, амаль штодзённа дзяжурыла ў катэдры пасля таго, як яе вярнулі вернікам.
У Мінску з удзелам біскупаў правялі курс павышэння кваліфікацыі для катэхетаў. 8 сакавіка 2024 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры святую Імшу з гэтай нагоды цэлебравалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Яшэўскі і ксёндз канонік Францішак Рудзь. Тэарэтычную частку курса правяла сястра ўршулянка Марыя Мінютка, сястра салезіянка Дар’я Еўтухоўская пазнаёміла з шэрагам цікавых гульняў, якія маюць выхаваўчы сэнс, а рэжысёр Людміла Скітовіч раскрыла тэму лялечнага тэатра ў катэхезе.
У Оршы прайшлі велікапосныя рэкалекцыі для студэнтаў і працоўнай моладзі. З 8 па 10 сакавіка 2024 года ў рэкалекцыйным доме пры кляштары айцоў марыянаў на духоўныя практыкаванні сабраліся некалькі дзясяткаў юнакоў і дзяўчат з розных мясцін Беларусі. Рэкалекцыі праходзілі пад кіраўніцтвам чатырох святароў. Асаблівасцю стала тое, што на час сустрэчы ўдзельнікі адмовіліся ад мабільных тэлефонаў – дні былі напоўненыя малітвай, часам цішыні, адарацыяй, асабістымі размовамі са святарамі.
Малітва ў інтэнцыі жанчын адбылася ў гродзенскай катэдры і семінарыі. 8 сакавіка 2024 года ў парафіі святога Францішка Ксаверыя падчас Эўхарыстыі пробашч Ян Кучынскі падзякаваў прысутным жанчынам за іх выключную ролю ў свеце і заклікаў будаваць сваё жыццё па прыкладу Марыі. Пасля Імшы прайшоў Крыжовы шлях, прысвечаны дарозе жанчын у грамадстве. А ў Вышэйшай духоўнай семінарыі цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Студэнты выказалі ўдзячнасць усім жанчынам, чыя дзейнасць звязана з жыццём семінарыйнай супольнасці.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.