Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў імяніны з выхаванцамі Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра. 19 сакавіка 2024 года, ва ўрачыстасць святога Юзафа, Мітрапаліт Мінска Магілёўскі сустрэўся з малодшымі выхаваўцамі Місіі Добрага Самараніна. Яны павіншавалі арцыпастыра спевам і падаравалі яму кветкі, зробленыя ўласнымі рукамі, падзялілі з арцыбіскупам салодкі пачастунак. Затым іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, у якой узялі ўдзел біскупы і Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

У Віцебску адбыліся велікапосныя рэкалекцыі Caritas Беларусі. 15 сакавіка 2024 года духоўныя практыкаванні для супрацоўнікаў дабрачыннага каталіцкага таварыства завяршыліся святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён благаславіў удзельнікаў на далейшае ахвярнае служэнне патрабуючым, хворым, абяздоленым і пакінутым людзям – гэта было тэмай сустрэчы. Прыкладам такога служэння была абрана асоба Папы Францішка.

Мінская парафія арганізавала незвычайны Крыжовы шлях. 15 сакавіка 2024 года набажэнства ў касцёле святога Францішка Асізскага прадставілі ў выглядзе інтэграцыі музычнага і выяўленчага мастацтваў. Вынікам стаў рэлігійна-культурны перфоманс. Вернікі разам спявалі, разважалі над стацыямі Крыжовага шляху і малявалі. Ідэя была ў тым, каб падчас набажэнства, якое суправаджалася спевамі парафіяльнага хору, стварыць фарбамі на халстах 14 выяваў пакутаў і ўваскрасення Хрыста.

Малітва за ксяндза Яна Гавецкага ў 30 дзень яго смерці адбылася ў Гродне. 20 сакавіка 2024 года цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, да малітвы далучыўся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі ксёндз Алег Шпець, які паходзіць з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, дзе ксёндз Гавецкі шмат гадоў быў пробашчам, звярнуў увагу на тры словы, якімі можна ахарактарызаваць спачылага: прысутнасць, ахвярнасць і чуласць.

Моладзевае велікапоснае чуванне прайшло ў Мінску. Увечары 16 сакавіка 2024 года хлопцы і дзяўчаты сабраліся на начное чуванне ў архікатэдры, каб удзельнічаць у насычанай малітоўнай праграме, прысвечанай разважанням над падзеямі апошніх дзён зямнога жыцця Езуса Хрыста. Маладыя вернікі разам з ксяндзом Андрэем Бураком, адказным за душпастырства моладзі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, перажылі падзеі ад Пальмовай нядзелі да Ўваскрасення.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

23 сакавіка 2024, 08:03