Пошук

Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме 

Завяршылася аб’яднанне трох папскіх навучальных устаноў

Таварыства Езуса аб'яднала тры папскія ВНУ ў адзіную юрыдычную асобу. У склад Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ўвайшлі Папскі біблійны інстытут і Папскі ўсходні інстытут.

Марыя Валодзіна - Vatican News

15 сакавіка 2024 года рэктар Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта айцец Марк Льюіс атрымаў указ Генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса айца Артура Сосы аб уключэнні ў склад універсітэта Папскага біблійнага інстытута і Папскага ўсходняга інстытута. Новы статут універсітэта ўступіць у сілу 19 мая 2024 года, ва ўрачыстасць Пяцідзесятніцы.

Грыгарыянскі ўніверсітэт, раней больш вядомы як Рымскі каледж, быў заснаваны ў 1551 годзе святым Ігнаціем Лаёлай. Папскі біблійны інстытут, заснаваны ў 1909 годзе, служыць цэнтрам паглыбленага вывучэння Святога Пісання. Папскі ўсходні інстытут, заснаваны ў 1917 годзе, займаецца даследаваннямі ў галіне рэлігіі і кананічнага права Ўсходніх Цэркваў. Усе тры структуры падпарадкоўваюцца Таварыству Езуса.

17 снежня 2019 года быў абнародаваны хірограф Францішка аб далучэнні двух інстытутаў да Грыгарыянскага ўніверсітэта з захаваннем назваў і місій. Гэта было зроблена з мэтай паляпшэння здольнасці двух папскіх інстытутаў выконваць свае місіі ў сучасных умовах. Францішак выказаў пажаданне, каб Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў працягвала "падтрымліваць і прасоўваць місію Папскага ўсходняга інстытута", а прэфект Дыкастэрыі ўзяў на сябе функцыі патрона інстытута.

Святы Айцец дэлегаваў паўнамоцтвы па падрыхтоўцы новага статута Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, да якога далучаюцца папскія інстытуты, генеральнаму настаяцелю Таварыства Езуса і адпаведным установам.

Дыкастэрыя па справах культуры і адукацыі ратыфікавала і зацвердзіла новы статут універсітэта 11 лютага 2024 года.

19 сакавіка 2024, 11:10