Пошук

Пасяджэнне COMECE. Архіўнае фота Пасяджэнне COMECE. Архіўнае фота 

Біскупы з краін ЕС абмяркоўваюць выклікі еўраінтэграцыі

У польскай Ломжы з 17 па 19 красавіка 2024 года праходзіць веснавая пленарная асамблея Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сустрэчы прымаюць удзел дэлегаты асобных біскупскіх канферэнцый з 27 краін-членаў ЕС, яна прымеркавана да 20-годдзя пашырэння Еўрасаюза. Іерархаў вітаў Біскуп Ломжынскі Януш Стэпноўскі, дэлегат епіскапату Польшчы па сувязях з COMECE. Выказваючы радасць з нагоды таго, што сёлетняя Асамблея праходзіць у Ломжы, ён заўважыў, што Еўропа складаецца ў тым ліку і з малых гарадоў.

Біскупы ўжо абмеркавалі поспехі і выклікі, звязаныя з еўраінтэграцыяй. Госцем першай сесіі быў Ян Фігель з праўлення Еўрапейскага інстытута інавацый і тэхналогій, былы спецыяльны пасланнік Еўрапейскага саюза па прасоўванні свабоды рэлігіі і перакананняў за межамі ЕС і галоўны перамоўшчык у працэсе ўступлення Славакіі ў ЕС.

COMECE была заснавана 3 сакавіка 1980 года. Раней, у 1976-1980 гадах, яе папярэднікам была Еўрапейская каталіцкая інфармацыйна-душпастырская служба – SIPECA. Дыскусія аб стварэнні платформы, якая б злучала біскупскія канферэнцыі і Еўрапейскую супольнасць, прывялі да стварэння COMECE. Гэта было незадоўга да першых прамых выбараў у Еўрапейскі парламент.
 

18 красавіка 2024, 11:20