Кардынал: генацыд у Руандзе – вынік палітыкі раздзялення людзей
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Генацыд у Руандзе застаецца ў памяці чалавецтва выразным прыкладам таго, як шмат зла можа выклікаць распальванне нянавісці і варожасці. Сведчаннем пра тыя трагічныя падзеі ў інтэрв’ю Vatican News падзяліўся кардынал Антуан Камбанда, арцыбіскуп Кігалі.
Іерарх нарадзіўся ў 1958 годзе ў паўднёва-усходняй частцы Руанды, у сям’і тутсі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1990 годзе з рук святога Яна Паўла ІІ, падчас яго Апостальскага падарожжа ў гэту афрыканскую краіну. Генацыд выбухнуў, калі знаходзіўся на вучобе ў Рым. У ходзе тых трагічных падзей былі забіты яго бацькі, сястра і чатыры з пяці братоў.
“Генацыд, які мы ўспамінаем, працягваўся з 7 красавіка па 4 ліпеня 1994 года, амаль 100 дзён. За гэты час былі забіты каля 1,1 мільёнаў чалавек. Мяне тады не было ў Руандзе. За шэсць месяцаў да гэтага мяне адправілі ў Рым на вучобу. Але яшчэ да ад’езду ў Рым, у 1993 годзе, я бачыў пачатак гэтага генацыду: людзей, якіх ідэнтыфікавалі як тутсі, забівалі. У маёй сям’і, з дзевяці чалавек, што знаходзіліся дома, уратаваўся толькі адзін. Суседнія сем’і былі цалкам выразаны. Мы перажылі гэта з вялікімі болем і пакутамі. Але павольна, ідучы шляхам прымірэння, мы ўсталі на ногі. Прынцып, які мне вельмі дапамагае – не засяроджвацца на ўласных пакутах, бо некаторыя пакутавалі больш за мяне, яны перажылі там гэты перыяд, яны бачылі, як забівалі іх блізкіх, як іх катавалі, а маленькія дзеці так ніколі і не пазналі свае сем’і. Таму я адкладаю ўбок мае пакуты, каб дапамагчы і падтрымаць тых, хто пакутуе больш за мяне. Гэта прынцып, які дапамагае мне пераадолець боль і вядзе да аздараўлення”, - падзяліўся кардынал.
Арцыбіскуп Кігалі распавёў, што на працягу трыццаці гадоў пасля генацыду, Касцёл прыкладае вялікія намаганні для таго, каб дасягнуць згоды ў грамадстве. У першую чаргу было ініцыявана годнае пахаванне ахвяр, клопат пра іх сем’і, працэсы, накіраваныя на прымірэнне людзей з Богам, самімі сабой і іншымі людзьмі.
Каталіцкая супольнасць садзейнічае аднаўленню тканкі грамадства праз спрыянне дыялогу, слуханню і пакаянню, але гэта нялёгка, бо распаліць нянавісць паміж членамі грамадства можна хутка, але значна цяжэй зноў злучыць паміж сабой аскепкі супольнасці, прымірыць людзей і сем’і, якія дагэтуль носяць на сябе балючыя раны пераследу.
“Генацыд быў вынікам доўгай гісторыі ідэалогіі раздзялення, палітыкі раздзялення людзей. Існавалі пасведчанні асобы, у якіх пазначалася этнічная група. Такім чынам раздзел праходзіў нават праз сем’і, бо ў змешаных сем’ях этнічная прыналежнасць дзіцяці вызначалася па бацьку. Гэта прыводзіла да неверагодных трагедый, бо, прытрымліваючыся такой палітыкі, маці магла заявіць на ўласных дзяцей, а дзядзькі маглі забіць уласных пляменнікаў толькі з-за таго, што яны не былі той жа народнасці. Такім чынам генацыд закрануў самыя глыбокія міжчалавечыя адносіны – у тым ліку адносіны ў сям’і”, - падкрэсліўся кардынал.
Па словах іерарха, важнае значэнне для прымірэння мае выхаванне і адукацыя, а большасць школ у Руандзе – каталіцкія. “Мы робім націск на тое, каб людзі не засяроджваліся на этнічных адметнасцях, але каб бачылі саміх сябе руандцамі, гэта значыць, братамі”. Касцёл рэалізуе фармацыйныя праграмы, каб дапамагчы людзям прымірыцца і не паддавацца на ідэалагізаваныя маніпуляцыі, мэта якіх у стварэнні падзелаў і распальванні нянавісці. “Адметнасці – гэта не праблема, але багацце і прыгажосць”, - падкрэсліў кардынал, выказваючы надзею на ўваскрасенне грамадства Руанды да новага жыцця.
“Мы ўспамінаем гадавіну генацыду, здзейсненага супраць тутсі ў Руандзе, якая часта супадае з велікодным перыядам. Я бачу ў гэтым пасланне. Смерць прычыняе нам моцны боль, але ў нас ёсць надзея на ўваскрасенне. Я бачу, што наша краіна, Руанда, якая знаходзілася ў глыбіні пакут і смерці, у магіле, цяпер уваскрасае. Мы ўдзячныя Богу і хочам скіраваць пасланне да нашых братоў у Афрыцы і ва ўсім свеце, бо падзелы, нянавісць, гвалт, войны, прысутнічаюць паўсюль – гэта вынік чалавечай слабасці, якая можа ўзнікнуць, але мы не павінны паддавацца гэтай спакусе і граху падзелу, і будаваць братэрства. Мы ўсе браты, як кажа Папа Францішак у энцыкліцы Fratelli tutti”, - заключыў кардынал Антуан Камбанда.