Папа адзначае імяніны: віншаванні з радзімы яго нябеснага апекуна
Марыя Валодзіна - Vatican News
Карэспандэнт газеты L'Osservatore Romano з дэлегацыяй духавенства з Іерусаліма пабываў на радзіме святога Юрыя, адкуль прывёз віншаванні з імянінамі Святога Айца. Мястэчка Лод месціцца на паўдарозе паміж Іерусалімам і Тэль-Авівам. У старажытнасці горад называўся Лідда. Тут, паводле традыцыі, жыў і, верагодна, памёр святы Юрый. Наведванне грэчаскай праваслаўнай царквы, пабудаванай на руінах яго дома і магілы, стала нагодай для таго, каб памаліцца за Хорхэ Марыа Берголіа. Хорхэ па-іспанску – Юрый.
Гасцей сустрэў архімандрыт Маркелас, пастыр невялікай праваслаўнай супольнасці, якая складаецца пераважна з мігрантаў. "Згодна з традыцыяй, святы Юрый нарадзіўся ў Кападокіі, на радзіме свайго бацькі, але яго маці Палікронія была родам з Лода, і менавіта тут жыла іх сям'я. Звесткі пра жыццё святога Юрыя, які жыў за некалькі дзесяцігоддзяў да Канстанціна, даволі нявызначаныя. Але ў крыпце царквы знаходзіцца саркафаг з яго целам, які апошні раз адкрывалі каля двух стагоддзяў таму", - распавёў архімандрыт Маркелас.
"Улічваючы папулярнасць святога Юрыя ў свеце (ён з'яўляецца заступнікам дзясяткаў краін, сярод якіх Англіі), гэта прыгожае месца заслугоўвае таго, каб быць уключаным у маршруты шматлікіх пілігрымаў, якія прыязджаюць у Святую Зямлю. Усведамленне таго, што Святы Айцец раней насіў яго імя, натхняе нашу супольнасць. Вось чаму я вельмі рады разам з маімі лацінскімі субратамі з Кустодыі, Патрыярхату і нунцыятуры, якія сёння прыбылі сюды з Іерусаліма, каб памаліцца разам з намі, мець магчымасць даслаць з дома святога Юрыя найлепшыя пажаданні Папу Францішку.