Пошук

Кардынал Матэа Дзупі Кардынал Матэа Дзупі   (ANSA)

Папскі спецпасланнік па Украіне: трэба падрыхтаваць будучыню

Кардынал Матэа Дзупі пракаментаваў Vatican News просьбу аб амністыі, змешчаную ў папскай буле з нагоды абвяшчэння Юбілейнага 2025 года Spes Non Confudit – Надзея не можа расчараваць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Думаю, што Папа дапамагае нам зразумець сапраўднае значэнне Юбілею, які заключаецца ў тым, каб падрыхтаваць будучыню, вызваліцца ад усяго, што нас абцяжарвае, гэта магчымасць нанова адкрыць сябе ці нанова адкрыць дзеянне, якое абяцае надзею, якое патрабуе свядомасці і такіх магчымасцей, як амністыя”, - патлумачыў старшыня італьянскага епіскапату і спецпасланнік Пантыфіка для рэалізацыі гуманітарнай місіі па Украіне.

Спасылаючыся на намер Францішка адчыніць Святыя дзверы ў турме падчас Святога Года, іерарх сказаў: “Калі ў турме няма адчыненых дзвярэй, гэта не турма, гэта нешта іншае. Калі недасведчаныя людзі кажуць: “Давайце зачынім дзверы і выкінем ключ”, гэта дрэнна як для тых, хто звонку, хто насамрэч больш разгублены, так і, вядома, для тых, хто ўнутры. Адчыніць дзверы азначае падрыхтаваць будучыню, вызваліцца ад наступстваў зла і такім чынам яго перамагчы”.

Як асоба, якую Пантыфік прызначыў для пошуку магчымых шляхоў дыялогу ў вайне Расіі супраць Украіны, кардынал пацвердзіў, што на гэтым фронце “ўвага надалей надаецца ўсім гуманітарным аспектам”.

“З боку Святога Пасада і са свайго боку я стараюся рабіць усё, што ў маіх сілах, паколькі тут закладзена моцная рашучасць Папы Францішка. Лічу, што нам трэба падштурхнуць міжнародную супольнасць да дасягнення пагаднення аб дасягненні міру ў рамках перамоў”, - заявіў кардынал Дзупі.
 

15 мая 2024, 10:53