Пошук

Святая Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа – Эдыт Штайн Святая Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа – Эдыт Штайн  

Просьба да Пантыфіка: Эдыт Штайн – Доктар Касцёла

Былі зроблены далейшыя крокі па наданні святой Эдыт Штайн тытула Доктара Касцёла. Афіцыйную просьбу ў гэтай справе Папу падаў генерал кармелітаў босых, айцец Мігель Маркес Кале. Цяпер Дыкастэрыя па справах кананізацыі зможа распачаць афіцыйную працэдуру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Магчымасць прысваення Эдыт Штайн гэтага тытула абмяркоўваецца ўжо некалькі гадоў. У 2022 годзе падчас святкавання 80-годдзя яе мучаніцкай смерці айцец Раберта Марыя Пірасту, генеральны дэфінітар Ордэна кармелітаў, абвясціў аб стварэнні навуковай камісіі для падрыхтоўкі афіцыйнай прапановы па гэтым пытанні. Тады было выказана меркаванне, што святой Тэрэзе Бэнэдыкце ад Крыжа, як гучыць яе манаскае імя, можна было б прысвоіць тытул Doctor Veritatis – Доктар Ісціны, таму што ў цэнтры яе даследаванняў заўсёды была праўда, якую пасля навяртання яна адкрыла ў асобе Езуса Хрыста.

Па словах італьянскіх кармелітаў, афіцыйнае прашэнне аб прылічэнні Эдыт Штайн да Доктараў Касцёла была пададзена Францішку 18 красавіка 2024 года падчас аўдыенцыі для кармелітаў босых.

Эдыт Штайн нарадзілася 12 кастрычніка 1891 года ў яўрэйскай сям’і ў Брэслаў. Яна была філосафам, асістэнткай вядомага фенаменолага Эдмунда Гусерля. У 1921 годзе перайшла ў каталіцтва, а праз 12 гадоў уступіла ў Ордэн кармелітак босых. У 1942 годзе як яўрэйка была арыштавана нацыстамі і адпраўлена ў лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў. Загінула ў газавай камеры 9 жніўня 1942 года. У 1998 годзе была кананізавана Янам Паўлам ІІ, які абвясціў яе сузаступніцай Еўропы. Літургічны ўспамін святой Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа – Эдыт Штайн адзначаецца ў Касцёле 9 жніўня.
 

02 мая 2024, 10:31