Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі абраны старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. 7 мая 2024 года падчас пазачарговага пленарнага пасяджэння епіскапату яго старшынёй біскупы абралі Мітрапаліта Мінска-Магілўскага. Віцэ-старшынёй стаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, генеральным сакратаром абраны біскуп Юрый Касабуцкі.

У Гродне біскуп-намінат павіншаваў з Вялікаднем праваслаўнага архіепіскапа. Прызначаны каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй 6 мая 2024 года наведаў архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія. Сустрэча прайшла ў епархіяльным упраўленні. Праваслаўны іерарх павіншаваў наміната з яго прызначэннем. Суразмоўцы выказалі гатоўнасць да далейшага плённага супрацоўніцтва Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы на Гродзеншчыне.

За двух затрыманых у Беларусі святароў моліцца супольнасць Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі. Згодна з камунікатам польскай правінцыі гэтай кангрэгацыі, айцец Анджэй Юхневіч і айцец Павел Лемех, якія належаць да місіянераў аблатаў і служаць у санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі ў Шуміліне, былі затрыманы пасля таго, як тут прайшла дыяцэзіяльная сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў. Супольнасць правяла агульную малітву Ружанца "ў інтэнцыі вызвалення субратоў". Занепакоенасць сітуацыяй і сваю салідарнасць выказаў з Рыма генерал кангрэгацыі.

Грэка-католікі ў Івацэвічах адзначылі свята парафіі Маці Божай Жыровіцкай. 9 мая 2024 года пры ўдзеле пілігрымаў з Брэста і Мінска Боскую Літургію тут узначаліў Апостальскі Адміністратар грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У казанні, якое прамовіў айцец Андрэй Крот, святар звярнуў увагу на неабходнасць надзеі ў паўсядзённым жыцці: "Трэба заўсёды рабіць сваю справу і мець надзею на Бога, Якому трэба даверыцца, нават калі ўсё здаецца марным і безнадзейным".

Дзень маці адзначылі ў санктуарыі ў Тракелях. 5 мая 2024 года ў санктуарыі Каралевы нашых сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі дзякавалі за дар мацярынства і маліліся за ўсіх маці – жывых і памерлых. Святочную Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Біскуп-намінат Уладзімір Гуляй у гаміліі падкрэсліў, што "Маці Божая прагне, каб мы наследавалі Яе, у Яе стылі выконвалі сваё індывідуальнае пакліканне, якім Бог адарыў кожнага".

Фінал конкурсу на веданне Святога Пісання прайшоў у Віцебску. 4 мая 2024 года ў катэдральны касцёле біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узнагародзіў пераможцаў адкрытага дыяцэзіяльнага конкурсу для дзяцей па тэме Цуды Езуса Хрыста ў Евангеллях. Кожны ўдзельнік фіналу атрымаў з рук ардынарыя дыплом і прыз, а пераможцы былі вызначаны ў дзвюх узроставых катэгорыях. Сярод прызёраў – дзеці не толькі з Віцебскай дыяцэзіі, але і з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

11 мая 2024, 06:44