Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Апостальскі нунцый на ўрачыстасці ў гонар галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі павіншаваў з юбілеямі найстарэйшага іерарха Беларусі. 18 мая 2024 года ў Іванаве арцыбіскуп Антэ Ёзіч узначаліў цэлебрацыю ў гонар святога Андрэя Баболі. Удзел у ёй узялі каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй епіскапату арцыбіскупам Юзафам Станеўскім. Асаблівым чынам была ўзнесена падзяка Богу за 40-годдзе святарства і 25-годдзе біскупскага служэння Казіміра Велікасельца, дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі. Гэта найстарэйшы ў Беларусі каталіцкі іерарх, якому споўнілася 79 гадоў.

Арган і капліцу мінскай парафіі благаславіў біскуп Юры Касабуцкі. 16 мая 2024 года Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўзначаліў урачыстасць у маладой парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе нясуць служэнне айцы-марыяне. Свята суправаджала музыка ў выкананні галоўнага арганіста і капельмайстара мінскага катэдральнага касцёла Уладзіміра Неўдаха.

У гродзенскай катэдры больш за 70 вернікаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі. 16 мая 2024 года сакрамэнт удзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Намашчэнне алеем атрымалі маладыя і старэйшыя вернікі катэдральнай парафіі. Такім чынам яны ўзялі на сябе абавязак быць адважнымі вызнаўцамі сваёй веры і дазволілі запалаць у сабе Божай любові, каб несці Добрую Навіну аб Хрысце іншым людзям, асабліва тым, хто далёка ад Касцёла.

Удзельнікаў 30-х Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў прывітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. 16 мая 2024 года старшыня епіскапату, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцця чытанняў. Мерапрыемства, якое штогод праводзіцца Беларускай праваслаўнай царквой, узначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. У прывітальным слове арцыбіскуп Станеўскі пажадаў, каб чытанні "выхавалі новых "Мятодаў і Кірылаў", каб радаснае "Хрыстус уваскрос" праз вякі надавала моц у пілігрымцы веры нашым нашчадкам".

Курыя Віцебскай дыяцэзіі заахвоціла да малітвы за зняволеных святароў. 18 мая 2024 года павінен быць вызвалены айцец Павел Лемех, які быў асуджаны на адміністрацыйны арышт у 10 сутак. Айцец Анджэй Юхневіч будзе адбываць зняволенне даўжэй – яму прысудзілі 15 сутак арышту. Паводле камунікату Курыі, абодва святары з парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне былі затрыманы праваахоўнымі органамі. Прычына не называецца.

У пілігрымцы з Пінска ў Лагішын прынялі ўдзел звыш 150 вернікаў. 12 мая 2024 года на працягу дня пілігрымы, у тым ліку з Гомеля і іншых гарадоў Пінскай дыяцэзіі, прайшлі амаль 30 кіламетраў да санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся. У Лагішыне пілігрымаў сустрэў кусташ санктуарыя ксёндз Андрэй Шут, святую Імшу цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка пры ўдзеле Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека і святароў.

Абрад Тры Каралі ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Рэспубліканская навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры 15 мая 2024 года прыняла рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці абраду, які каталіцкія вернікі ладзяць 6 студзеня ў Лідскім і іншых раёнах Гродзенскай вобласці. Таксама ў спіс унесены руіны касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

18 мая 2024, 08:46
Prev
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930   
Next
May 2025
SuMoTuWeThFrSa
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031