Пошук

Кардынал Уільям Го і Папа Францішак Кардынал Уільям Го і Папа Францішак 

Касцёл у Сінгапуры духоўна рыхтуецца да візіту Францішка

Каталіцкая супольнасць у Сінгапуры з вялікім энтузіязмам і надзеяй чакае візіту Папы Францішка, які наведае гэту краіну з 11 па 13 верасня 2024 года ў рамках свайго падарожжа ў Азію і Акіянію.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сустрэча з Наступнікам святога Пятра павінна стаць у першую чаргу духоўным досведам, - падкрэсліў у лісце да вернікаў кардынал Уільям Го Сэн Чэ, арцыбіскуп Сінгапура. Ён заклікаў мясцовых католікаў да супольнай падрыхтоўкі да візіту Папы і гарачай малітвы за яго здароўе і бяспеку.

“Як супольнасць мы молімся за Святога Айца і просім Пана, каб гэты візіт быў значным і поўным ласкі”, - напісаў іерарх, выказваючы надзею на тое, што візіт Пантыфіка стане таксама імпульсам для аднаўлення “руплівасці ў веры і натхніць каталіцкія супольнасці Сінгапура на місійную дзейнасць і духоўнае пераўтварэнне”.

Францішак стане другім кіраўніком Каталіцкага Касцёла, які прыбудзе ў Сінгапур. 38 гадоў таму, 20 лістапада 1986 года, гэта краіну наведаў святы Ян Павел ІІ. Яго візіт быў вельмі кароткім і працягваўся ўсяго пяць гадзін. Праграма прабывання Пантыфіка ў Сінгапуры была абмежавана святой Імшой на сталічным стадыёне.

Візіт Францішка пройдзе пад дэвізам Адзінства, надзея і крыж. Ён супадзе з дзясятай гадавінай рэалізацыі душпастырскай праграмы Каталіцкага Касцёла ў Сінгапуры, прынятай у 2014 годзе, каб адказаць на выклікі мясцовага грамадства, якое хутка змяняецца.

Хрысціяне ў Сінгапуры складаюць каля 19 працэнтаў з амаль 5,7 мільённага насельніцтва і часцей за ўсё маюць кітайскае, еўрапейскай ці індыйскае паходжання. Вызнаўцы Хрыста з’яўляюцца другой па колькасці рэлігійнай групай у краіне, пасля будыстаў, якія складаюць 40 працэнтаў насельніцтва. Католікаў у Сінгапуры налічваецца каля 395 тысяч – гэта каля 3 працэнтаў жыхароў краіны.

Падчас свайго восеньскага Апостальскага падарожжа ў Азію і Акіянію, акрамя Сінгапура, Папа Францішак наведае Інданезію (3-6 верасня), Папуа-Новую Гвінею (6-9 верасня) і Усходні Тымор (9-11 верасня).
 

07 мая 2024, 10:24