Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Біскупы ЕС заклапочаны нізкай яўкай на выбарах у Еўрапарламент

Большасць выбаршчыкаў выказалі падтрымку еўрапейскаму праекту, але плебісцыт быў пазначаны нізкай яўкай грамадзян, заўважылі ў Камісіі біскупскіх канферэнцыі Еўрапейскай супольнасці (COMECE).

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Гэтыя выбары, у якіх прынялі ўдзел больш за 370 мільёнаў грамадзян у 27 дзяржавах, з улікам традыцый галасавання ў краінах-членах, сталі вялікім практыкаваннем у развіцці дэмакратыі”, - гаворыцца ў каментары сакратарыята Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці, абнародаваным па выніках выбараў дэпутатаў Еўрапейскага парламента, якія прайшлі 6-9 чэрвеня 2024 года.

Папярэднія вынікі галасавання паказваюць, што ў Еўрапарламенце захоўваецца праеўрапейская большасць. “Большасць выбаршчыкаў выказалі падтрымку еўрапейскаму праекту і моцнае жаданне мець больш Еўропы”, - падкрэслілі іерархі краін ЕС, заўважаючы, што гэта “добрая навіна і адзін з ключавых момантаў”.

COMECE звярнула ўвагу таксама на тое, што сярэдні ўзровень яўкі на выбарах па ўсіх краінах ЕС склаў каля 50 працэнтаў. “Хоць гэта лічба адпавядае папярэднім выбарам у Еўрапарламент, але, усё ж, гэта вельмі нізкі паказчык, які сведчыць пра захаванне адсутнасці зацікаўленасці і ўдзелу сярод грамадзян ЕС. Нізкая яўка ў спалучэнні з актыўным ростам нацыяналістычных і еўраскептытычных партый, асабліва ў краінах-заснавальніцах Еўрапейскага саюза, паказвае моцную незадаволенасць дасягненнямі ЕС”, - заявілі ў Камісіі біскупскіх канферэнцыі Еўрапейскай супольнасці.

“Вынікі гэтых выбараў заахвочваюць усіх нас, асабліва новаабраных дэпутатаў Еўрапарламента і будучых камісараў, працаваць над скарачэннем адчувальнага разрыву паміж Еўрапейскім саюзам і яго грамадзянамі і даваць адэкватныя адказы на іх рэальныя праблемы”, - гаворыцца ў каментары сакратарыята COMECE.

Найменшую актыўнасць на выбарах праявілі грамадзяне Харватыі, дзе прагаласавалі ўсяго каля 21,3 працэнта маючых права голасу. Неахвотна пайшлі на выбары таксама літоўцы – 28,9 працэнта. Самая высокая яўка была зафіксавана ў Бельгіі, дзе ўдзел у выбарах з’яўляецца абавязковым: там прагаласавалі 89,2 працэнта выбаршчыкаў. На другім месцы – Люксембург, дзе ў еўрапейскіх выбарах узялі ўдзел 82,2 працэнтам, а на трэцім – Мальта з яўкай 72,8 працэнта.
 

11 чэрвеня 2024, 10:37