Пошук

Ксёндз Ханс Цольнер Ксёндз Ханс Цольнер 

Эксперт: інтэграваць асоб з абмежаванымі магчымасцямі ў Касцёле

Касцёльны эксперт па прафілактыцы і абароне дзяцей і ўразлівых людзей заклікаў да большай інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Каталіцкім Касцёле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Па словах ксяндза Ханса Цольнера, у некаторых частках свету – асабліва ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі – інтэграцыя да гэтага часу не разглядаецца сур'ёзна. Сваю ролю адыгрывае і адпаведная культура.

“Інваліднасць да сённяшняга дня ў некаторых рэгіёнах з'яўляецца знакам ганьбы, мае негатыўны падтэкст або ўспрымаецца як кара Божая”, - растлумачыў кіраўнік Інстытута антрапалогіі і міждысцыплінарных даследаванняў чалавечай годнасці і клопату (IADC) у Папскім Грыгарыянскім універсітэце.

На мінулым тыдні Інстытут арганізаваў у Рыме міжнародную канферэнцыю па барацьбе з злоўжываннямі. Сёлета дыскусіі амаль 250 экспертаў з 55 краін былі прысвечаны абароне людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

“У нашай частцы свету, у тым ліку ў Касцёле, мы гаворым пра інклюзію, - сказаў Цольнер, спасылаючыся ў гэтым кантэксце на словы Папы Францішка. Нядаўна ён заклікаў не вызначаць людзей з абмежаванымі магчымасцямі як не такіх ці іншых, бо ўсе мы належым да аднаго Касцёла, аднаго грамадства.

У рэчаіснасці гэта адбываецца рэдка або зусім не мае месца, - раскрытыкаваў эксперт. Напрыклад, у большасці краін свету практычна няма сурдаперакладчыкаў, якія маглі б прыцягваць глухіх да набажэнстваў або іншых сустрэч у Касцёле. Тое ж датычыцца і доступу людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі да касцёльных памяшканняў.

“А гаворка ідзе аб інтэграцыі ўсіх людзей з іх разнастайнасцю і адпаведнымі патрэбамі”, - патлумачыў ксёндз Цольнер. У рэшце рэшт, кожны чалавек у пэўны момант свайго жыцця мае патрэбу ў дапамозе і пачынае залежаць ад таго, хто пра яго паклапоціцца.
 

25 чэрвеня 2024, 09:45