Папскі фонд падтрымаў праекты ў 138 краінах свету
Марыя Валодзіна - Vatican News
Ахвяраванні паступілі прыкладна ад 360 тысяч прыватных донараў з 23 краін. У папярэднім, 2022 годзе, яны склалі каля 146 мільёнаў еўра. Нягледзячы на агульнае павышэнне цэн, дабрачынная арганізацыя змагла ў значнай ступені захаваць узровень ахвяраванняў.
Вялікая частка сродкаў пайшла на падтрымку праектаў у краінах, якія знаходзяцца ў стане вайны і крызісу. На падтрымку Украіны было накіравана 7,5 мільёнаў еўра. На другім месцы – Сірыя з 7,4 мільёнамі еўра, на трэцім – Ліван з 6,9 мільёнамі.
З усіх кантынентаў найбольшую дапамогу атрымала Афрыка, куды была накіравана амаль трэць усіх рэсурсаў (31,4%). Асноўныя краіны-бенефіцыярыі ў гэтым рэгіёне – Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Нігерыя і Буркіна-Фасо. "У Афрыцы пражывае амаль кожны пяты католік, кожны восьмы святар, кожная сёмая манахіня і амаль траціна семінарыстаў", - паведаміў фонд. Больш за 19 працэнтаў ад агульнага аб'ёму дапамогі было накіравана на Блізкі Усход, больш за 17 працэнтаў – у Азію і Акіянію, 15,3% працэнтаў – у Лацінскую Амерыку, 15,4% атрымала Еўропа. Астатнія 1,5% былі накіраваныя ў іншыя рэгіёны.
Самым буйным кірункам сталі будаўнічыя праекты і праекты па рэканструкцыі касцёлаў, кляштараў, капліц, семінарый, парафіяльных дамоў і душпастырскіх цэнтраў. На другім месцы – транспартныя праекты: набыццё аўтамабіляў, матацыклаў, ровараў, аўтобусаў і лодак. Яны дазваляюць святарам дабірацца да людзей у цяжкадаступных раёнах.
Адзінаццаць працэнтаў ахвяраваных сродкаў было накіравана на надзвычайную гуманітарную дапамогу: прадукты харчавання, жыллё, медыцынскае абслугоўванне, мікракрэдытаванне, дзейнасць хрысціянскіх школ. У тым ліку ў Святой Зямлі, дзе “хрысціянская меншасць пакутуе ад наступстваў тэрору і вайны”- гаворыцца ў паведамленні фонду.
Дапамогу атрымаў кожны дзясяты семінарыст, большасць з іх у Афрыцы, і кожны дзясяты святар.
Зазіраючы ў будучыню, кіраўніца фонду Рэджына Лінч паведаміла, што ў 2024 годзе арганізацыя спадзяецца яшчэ больш актывізаваць дапамогу людзям у зонах ваенных дзеянняў, а таксама засяродзіць увагу на рэгіёне Сахель, “дзе распаўсюджваецца джыхадзісцкі тэрарызм і дзе хрысціяне ўсё больш пакутуюць ад насілля".
Дапамога Касцёлу ў патрэбе – каталіцкая дабрачынная арганізацыя, заснаваная ў 1947 годзе ў мэтах падтрымцы бежанцаў. З 2011 года яна мае статус Папскага фонду. Фонд дапамагае хрысціянам, якія пацярпелі ад пераследу, аказвае падтрымку там, дзе на душпастырскую дапамогу не хапае сродкаў. Арганізацыя дзейнічае аўтаномна, без фінансавай падтрымкі з боку ўрадаў або касцёльных арганізацый.