Візіт бельгійскага кардынала ў Кітай
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Іерарха суправаджалі некалькі Місіянераў з Шойта, манаскай кангрэгацыі, якая прысутнічае ў Кітаі ўжо 160 гадоў. З ёй звязаны Фонд Вербіст-Лювэн (Verbiest-Louvain), старшынёй якога з'яўляецца кардынал Дэ Кесэль.
Мэтай стала “замацаванне вынікаў папярэдніх узаемных візітаў у двух Касцёлах і далейшае ўмацаванне культурнага абмену і касцёльнага супрацоўніцтва”. Была абноўлена праграма абмену і навучання, якая ўжо шмат гадоў ажыццяўляецца паміж Фондам і кітайскім урадам.
З 2015 года Вербіст-Лювэн арганізоўвае курсы інтэнсіўнай падрыхтоўкі для святароў, законніц і свецкіх вернікаў з Кітая. На іх яны даведаюцца больш аб душпастырстве, катэхізацыі, сацыяльным навучанні і духоўнасці ў духу ІІ Ватыканскага Сабору. Пасля заканчэння курса яго ўдзельнікі кожны раз адпраўляюцца ў пілігрымку ў Рым, дзе іх прымае Папа.
Дэлегацыя з пяці чалавек з Бельгіі правяла сустрэчы з кітайскімі біскупамі, наведала нацыянальную духоўную семінарыю ў Пекіне, цэлебравала Імшу ў пекінскай катэдры ў саслужэнні з мясцовым біскупам Джузэпэ Лі Шанем, а таксама пабывала ў дыяцэзіях Хух-Хота і Цзінін ва Унутранай Манголіі.