Пошук

Кардынал Жан-Клод Олерыш Кардынал Жан-Клод Олерыш  (Vatican Media)

Кардынал Олерыш: міністрант – асаблівы сведка Хрыста і Евангелля

З 29 ліпеня па 3 жніўня 2024 года Рым прымае ўдзельнікаў ХІІІ Міжнароднай пілігрымкі міністрантаў. У ёй бяруць удзел каля 50 тысяч юнакоў і дзяўчат з 20 краін Еўропы, 12 тысяч валанцёраў і 2 тысячы душпастыраў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Праз пілігрымку да магілы Пятра мы хочам адчуць, што ўсе разам з’яўляемся Касцёлам, маладым і дынамічным Касцёлам, у якім вы, як міністранты, граеце цэнтральную ролю, бо з’яўляецеся асаблівымі сведкамі Езуса Хрыста і Добрай Навіны ў вашых парафіях і дыяцэзіях. Касцёл мае патрэбу ў такім сведчанні”, - напісаў у запрашэнні на сустрэчу кардынал Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга.

Іерарх з’яўляецца старшынёй Міжнароднай асацыяцыі міністрантаў (Coetus Іnternationalis Ministrantium), якая арганізуе пілігрымку. Гэта структура была заснавана ў 1960 годзе і аб’ядноўвае міністрантаў і іх душпастыраў з Аўстрыі, Бельгіі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Люксембурга, Партугаліі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Францыі, Харватыі і Швейцарыі.

Самая вялікая група міністрантаў сёлета прыбыла ў Вечны горад з Германіі – каля 35 тысяч юнакоў і дзяўчат. Ёсць таксама дэлегацыі з Украіны, Літвы і Чэхіі. Праграма іх прабывання ў Рыме ўключае музыку, набажэнствы, моманты дыялогу. Кульмінацыйным пунктам форума стане малітва і сустрэча міністрантаў са Святым Айцом, якая адбудзецца ўвечары 30 ліпеня на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Дэвіз сёлетняй пілігрымкі – З табой (Іс 41,10). У каментарыі для ватыканскіх СМІ кардынал Олерыш патлумачыў, што гаворка ідзе ў першую чаргу пра еднасць міністрантаў з Богам, але таксама з сябрамі. “Калі знаходзімся ў адносінах з Езусам, тады мы ведаем, што Пан з намі, а таксама з нашым братам, нашай сястрой, якія слабейшыя, якія знаходзяцца на ўскраіне грамадства. Мы не можам служыць падчас Імшы, не жывучы, не адчуваючы гэтай салідарнасці і гэтай місіі з самымі беднымі ў грамадстве”, - сказаў ён, дадаючы, што міністрант заўсёды павінен быць на баку найслабейшых, нават у коле сваіх сяброў.

“Папа – вялікі прапаведнік Евангелля, ён – вялікі сведка Евангелля, ён – Пётр, таму важна бачыць яго, чуць яго голас, прымаць яго настаўленні, каб лепш здзяйсняць гэта служэнне ля алтара, якое таксама з’яўляецца служэннем нашаму брату і сястры”, - дадаў старшыня Міжнароднай асацыяцыі міністрантаў.

30 ліпеня 2024, 10:10