Эквадор: ідзе падрыхтоўка да Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Форум пройдзе ў 150-ю гадавіну прысвячэння Эквадора Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, якое адбылося 25 сакавіка 1874 года. Арганізатары чакаюць, што ў форуме прымуць удзел тысячы пілігрымаў з каля сарака краін. Яму будзе папярэднічаць Тэалагічны сімпозіўм аб сувязі паміж Эўхарыстыяй і братэрствам у кантэксце зраненага грахом свету.
Галоўныя падзеі адбудуцца ў Quito Metropolitan Convention Center – сучасным комплексе, прызначаным для правядзення буйных нацыянальных і міжнародных мерапрыемстваў.
Праграма 53-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса прадугледжвае пяць тэм, якія будуць паглыблена разглядацца кожны дзень форума: “Зранены свет”, “Братэрства, адкупленае ў Хрысце”, “Эўхарыстыя і перамяненне свету”, “Сінадальны Касцёл” і “Эўхарыстыя: псальм братэрства”.
Акрамя літургічнай часткі, якая ўключае некалькі цэлебрацый, у тым ліку ўрачыстую святую Імшу, падчас якой 2,5 тысячы дзяцей прымуць першую святую Камунію, у рамках кангрэсу адбудзецца эўхарыстычная працэсія, а таксама пройдуць канферэнцыі і прагучаць асабістыя сведчанні пра розныя аспекты эўхарыстычнай таямніцы і яе ўплыву на хрысціянскае жыццё. Папскім легатам на форуме быў прызначаны кардынал Кевін Джозэф Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.