Пошук

У Фацімскім санктуарыі У Фацімскім санктуарыі  (AFP or licensors)

Фаціма: 2,7 мільёна пілігрымаў за паўгода

З 1 студзеня па 30 чэрвеня 2024 года санктуарый Маці Божай Ружанцовай у Фаціме, у цэнтральнай частцы Партугаліі, наведалі 2,7 мільёна пілігрымаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як паведаміла агенцтву KAI кіраўніца прэс-службы санктуарыя Патрысія Дуартэ, сярод пілігрымаў у Фаціме пераважаюць партугальцы, а сярод замежнікаў – іспанцы. Яна ўдакладніла, што са студзеня па красавік 2024 года назіраўся ўмераны прыток пілігрымаў – сюды прыбыло каля 1,1 мільёна асоб.

Па словах Дуартэ, большы наплыў вернікаў у Фаціму адбыўся ў маі з арганізацыяй святкавання 107-й гадавіны аб’яўленняў Марыі. Ключавымі сталі ўрачыстасці 12 і 13 мая 2024 года, калі ў партугальскі горад з'ехалася больш за 250 тысяч чалавек з усяго свету. Таксама тады сярод іх пераважалі партугальцы.

Перад пачаткам святкавання 107-й гадавіны марыйных аб’яўленняў у гэтым партугальскім месцы ўлады санктуарыя паведамілі, што колькасць пілігрымаў, якія прыбываюць туды з усяго свету, паступова расце. Яны адзначылі, што паломніцкі рух узмацняецца пасля хаосу і санітарных абмежаванняў, звязаных з пандэміяй каронавіруса.

“Сёлета ў Фаціму ўжо прыбыло больш за 1,2 мільёна паломнікаў, што на 26,5 працэнта больш у параўнанні з тым жа перыядам 2023 года”. - паведаміў у маі 2024 года айцец Карлуш Кабесіньяс, рэктар партугальскага санктуарыя. Ён адзначыў, што рост папулярнасці санктуарыя таксама звязаны з распаўсюджваннем па свеце фацімскага паслання аб неабходнасці малітвы, навяртання і пакаяння, якое Марыя перадала ў 1917 годзе тром партугальскім дзецям.
 

24 ліпеня 2024, 10:13