Германія: зніжэнне паступленняў ад касцёльнага падатку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Згодна з актуальнай статыстыкай Канферэнцыі Біскупаў Германіі, у 2023 годзе даходы 27 дыяцэзій склалі 6,51 мільярда еўра. Гэта прыкладна на 330 мільёнаў еўра (5%) менш, чым у 2022 годзе, калі паказчык быў рэкордна высокім – больш за 6,84 мільярда еўра. У 2021 годзе ён складаў 6,73 мільярда еўра.
Сітуацыя каталіцкіх дыяцэзій значна больш крытычная, калі разглядаць касцёльныя падатковыя даходы з улікам інфляцыі. З 2019 года ў краіне назіраецца тэндэнцыя да зніжэння: калі ў 2019 годзе даход з улікам інфляцыі складаў 5,19 мільярда еўра, то ў 2022 годзе – гэта толькі 4,7 мільярда еўра, а ў 2023 годзе – 4,22 мільярда еўра.
У Германіі касцёльны падатак – гэта заканадаўча вызначаны ўнёсак чальцоў Касцёла ў сваю рэлігійную супольнасць, што запісана ў Канстытуцыі. Гэты падатак з’яўляецца найважнейшай крыніцай фінансавання бягучых выдаткаў на персанал у душпастырстве, школах і сацыяльных установах. Акрамя таго, сродкі ідуць на выплату пенсій, будаўніцтва храмаў і іншых будынкаў, а таксама на агульнакасцёльныя патрэбы – ад ахвяраванняў на Святы Пасад да падтрымкі праектаў дапамогі ў бедных краінах.
Як правіла, гэта дзевяць працэнтаў ад заработнай платы або падаходнага падатку, у Бадэн-Вюртэмбергу і Баварыі – восем працэнтаў. Падатак таксама спаганяецца з прыросту капіталу. Пенсіянеры плацяць яго толькі ў выпадку налічэння ім падаходнага падатку.
Узносы збіраюцца праз дзяржаўную падатковую службу і перадаюцца Касцёлу. На гэтыя мэты дзяржава атрымлівае каля трох працэнтаў падатковых паступленняў.
У канчатковым рахунку толькі крыху менш за палову з прыкладна 20,9 мільёна католікаў плацяць касцёльны падатак. Дзеці і моладзь без уласных даходаў, людзі з нізкімі пенсіямі і беспрацоўныя не плацяць падаходнага, а значыць, і касцёльнага падатку.
У сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве эксперты чакаюць больш істотнага зніжэння даходаў ад касцёльнага падатку ў Германіі – у першую чаргу з прычыны росту колькасці людзей, якія пакідаюць Каталіцкі Касцёл, і павышэння ўзросту яго вернікаў.