Пошук

Тэолагі і эксперты з Міжземнамор'я ў Марселі. Ілюстрацыйнае фота Тэолагі і эксперты з Міжземнамор'я ў Марселі. Ілюстрацыйнае фота 

Маладыя мусульмане на Міжземнаморскай тэалагічнай сустрэчы

Як хрысціяне і мусульмане могуць служыць братэрству ў падзеленым свеце – гэта тэма ІІІ Міжземнаморскай тэалагічнай сустрэчы. Яна праходзіць у Харватыі, і ўпершыню ў ёй прымаюць удзел маладыя мусульманскія навукоўцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арганізатары падкрэсліваюць, што дыялог паміж абедзвюма рэлігіямі, як у Міжземнаморскім рэгіёне, так і ва ўсёй Еўропе, сёння абсалютна неабходны.

Шасцідзённы форум сабраў разам праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх студэнтаў і выкладчыкаў з розных галін, каб абмеркаваць дыялог і братэрства са сваімі мусульманскімі калегамі. Мерапрыемства чэрпае натхненне з энцыклікі Францішка Fratelli tutti і Дакумента аб чалавечым братэрстве на карысць міру ва ўсім свеце.

“Братэрства – гэта бальзам, які загойвае раны свету, у апошнія гады ўсё больш і больш палярызаванага. Праз нашу сустрэчу ў Рыецы мы хочам зрабіць свой сціплы ўклад у мір, умацаванне братэрства ў свеце”, - сказаў ксёндз Бранка Юрыч, тэолаг з Босніі і Герцагавіны і адзін з арганізатараў сустрэчы, у інтэрв’ю Vatican News.

Форум у Харватыі з’яўляецца працягам серыі міжрэлігійных мерапрыемстваў, якія па ініцыятыве Папы Францішка і італьянскага епіскапату былі арганізаваны ў Італіі – у Бары ў 2020 годзе і ў Фларэнцыі ў 2022 годзе. Пасля ініцыятывы па ўмацаванні братэрства былі перанесены ў Францыю. Іх рэалізавалі ў рамках так званых Міжземнаморскіх сустрэч, што прайшлі ў Марселі ў 2023 годзе з удзелам Пантыфіка.
 

16 ліпеня 2024, 11:49