Сапраўды шанаваць Цела Хрыста
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна
У прамове на адкрыцці Эўхарыстычнага кангрэса ЗША, якое прайшло ў Індыянапалісе 17 ліпеня 2024 года, апостальскі нунцый Крыстаф П'ер задаўся пытаннем: што азначае эўхарыстычнае адраджэнне? А таксама: што служыць лакмусавай паперкай, якая дазваляе зразумець, ці адбываецца эўхарыстычнае абуджэнне?
На думку кардынала П’ера, сапраўднае эўхарыстычнае абуджэнне, хоць і суправаджаецца сакраментальнай пашанай, глыбокай адарацыяй, працэсіямі, катэхізацыяй, павінна ісці далей, выходзіць за рамкі рэлігійнай практыкі. Сапраўднае эўхарыстычнае абуджэнне азначае бачыць Хрыста ў іншых, не толькі ў сваёй сям'і, сябрах і супольнасцях, але і ў тых, хто далёкі ад нас, мае іншую этнічную прыналежнасць або сацыяльнае становішча, кідае выклік нашаму ладу мыслення, думае інакш. Гэта асабліва важна ў сувязі з палярызацыяй, якая характарызуе амерыканскае грамадства, у тым ліку і Касцёл гэтай вялікай краіны.
Разважанні нунцыя П'ера выклікаюць у памяці казанні вялікага Айца Касцёла святога Яна Хрызастома, які заклікаў шанаваць Цела Хрыста не толькі раскошным аздабленнем касцёлаў, шаўковымі тканінамі і залатым начыннем, але і дапамагаючы бедным, усім, хто жыве ў нястачы, пакутуе ад голаду і холаду, мае патрэбу ў даху над галавой.
Яшчэ адзін вялікі біскуп, ксёндз Таніна Бэла казаў, што “яркае багацце сучасных гарадоў дазваляе нам лёгка ўбачыць Цела Хрыста ў Эўхарыстыі нашых алтароў, але перашкаджае бачыць Яго ў тых, хто бедны, пакутуе, мае патрэбу, жыве ў адзіноце”. Гэтая неадпаведнасць робіць нашы эўхарыстычныя набажэнствы эксцэнтрычнымі. Разважаючы пра сітуацыю ў Злучаных Штатах, варта спадзявацца, што эўхарыстычнае адраджэнне прыцягне больш увагі да бедных і маргіналізаваных.
Таксама варта спадзявацца, што гэта адраджэнне будзе спрыяць аднаўленню павагі да чалавечага жыцця і годнасці, асабліва ненароджаных, бяздомных, мігрантаў, а таксама тых, каму штодня пагражае насілле і зброя, якая з уражлівай лёгкасцю распаўсюджваецца ў гэтай вялікай краіне. Хрысціяне пакліканы супрацьстаяць гэтай з’яве, бо яны – паслядоўнікі Таго, хто ў Гефсіманіі наказаў Пятру схаваць меч у ножны і вылечыў параненага ім слугу.