У Папуа – Новай Гвінеі Папу чакае моцны і шматкультурны Касцёл
Марыя Валодзіна - Vatican News
Аб традыцыях Касцёла і мультыкультурнай разнастайнасці грамадства Папуа – Новай Гвінеі распавёў у інтэрв'ю Vatican News генеральны настаяцель місіянераў Найсвяцейшага Сэрца, айцец Марыё Абсалон Альварада Тавар.
Місіянеры Найсвяцейшага Сэрца дзейнічаюць у Папуа – Новай Гвінеі пачынаючы з 1881 года. Першая Імша цэлебравалася тут 4 ліпеня 1885 года. Былі заснаваныя некалькі місій на паўднёвым узбярэжжы, сярод плямёнаў рора і мекеа.
Першыя місіянеры сутыкаліся з такімі цяжкасцямі, як незнаёмыя мясцовыя звычаі, малярыя і іншыя хваробы, адсутнасць дарог і інфраструктуры. "Першапачаткова існавала практыка канібалізму, якая цяпер практычна знікла", - распавёў айцец Альварада. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, евангелізацыя дасягнула значных вынікаў, сёння ў Папуа – Новай Гвінеі дзейнічае моцны Касцёл.
Тут працуе больш за 115 місіянераў, усе яны карэнныя жыхары, дзейнічае некалькі парафій. Мае краіна і свайго першага благаслаўлёнага. Гэта Пітэр ТаРот – свецкі місіянер, які прыняў пакутніцкую смерць у 1940-х гадах. Касцёл у Папуа – Новай Гвінеі – яркі, шматколерны, з мноствам рытуалаў і танцаў, укаранёны ў сельскім і племянным ладзе жыцця.
Як кажа мясцовая прымаўка, Папуа – Новая Гвінея – гэта краіна нечаканасцяў. Краіна з вельмі старажытнымі культурнымі традыцыямі, лад жыцця ў якой моцна адрозніваецца ад заходняга. Аднак яна сутыкаецца з тымі ж праблемамі, з якімі сутыкаецца і ўвесь свет: змена клімату, высечка лясоў, здабыча прыродных рэсурсаў без уліку інтарэсаў мясцовых супольнасцяў і паўсюдная беднасць. "У Папуа – Новай Гвінеі існуе сістэмная беднасць, нягледзячы на тое, што краіна неверагодна багатая на прыродныя рэсурсы. Многія міжнародныя кампаніі эксплуатуюць яе. Змена клімату адчуваецца вельмі востра, паколькі краіна моцна залежыць ад прыродных рэсурсаў”, - паведаміў місіянер.
Напрыканцы размовы айцец Альварада заклікаў усіх быць адкрытымі да іншых рэалій і маліцца аб падарожжы Папы ў Азію і Акіянію. “Людзі ў Папуа – Новай Гвінеі, Інданезіі, Тыморы і Сінгапуры чакаюць яго з адкрытымі сэрцамі. Для іх прысутнасць Папы Францішка з'яўляецца пацвярджэннем іх поспеху як Касцёла, як народа Божага”, - сказаў місіянер.