Пошук

На адкрыцці 10-га Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса ў ЗША На адкрыцці 10-га Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса ў ЗША  (National Eucharistic Revival)

ЗША: Эўхарыстычны кангрэс – час абнаўлення Касцёла

Касцёл у ЗША перажывае працэс глыбокага духоўнага абнаўлення, заснаванага на Эўхарыстыі. Яго цэнтральным момантам стаў Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, які распачаўся 17 ліпеня 2024 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Мы чакаем цудаў, бо калі людзі збіраюцца ў імя Езуса, Ён аб’яўляецца з вялікай моцай”, - сказаў Vatican News старшыня аргкамітэта. Мы чакаем глыбокага навяртання, аздараўлення і, перш за ўсё, сапраўднага росту місійнага духу, дадаў біскуп Эндру Козэнс.

Ён падкрэсліў, што абнаўленне Касцёла на аснове Эўхарыстыі праходзіць праверку. Епіскапат ініцыяваў гэты працэс два гады таму, спачатку на дыяцэзіяльным узроўні, а потым на працягу 2023 года ў парафіях і малых групах. Гэта была евангелізацыя людзей, якія, хоць і з’яўляюцца католікамі, не заўсёды ўсведамляюць, што такое Эўхарыстыя.

Першым плёнам гэтых намаганняў стаў Кангрэс, які працягнецца да нядзелі 21 ліпеня ў Індыянапалісе. Больш за 50 тысяч вернікаў штодня ўдзельнічаюць там у Імшы, адарацыі і катэхізацыі. Раней, з 17 мая, у Індыянапаліс з чатырох куткоў Злучаных Штатаў накіравалася пілігрымка з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У агульнай складанасці было пройдзена больш за 10 тысяч кіламетраў. На розных этапах у ёй прынялі ўдзел 100 тысяч вернікаў.

Узбадзёраны поспехам гэтай ініцыятывы, Касцёл у ЗША ўжо думае аб наступным Эўхарыстычным кангрэсе. Папярэдні адбыўся ў 1941 годзе, цяпер яго плануюць праводзіць кожныя 10, а то і 5 гадоў. Такім чынам мы хочам, каб наш Касцёл перажыў глыбокую трансфармацыю, каб стаў місіянерскім, - прызнаўся біскуп Козэнс. Ён падкрэсліў, што гэта неабходна ў наш час, таму што ў сучасным свеце існуе вялікая патрэба ў Езусе, і ў Эўхарыстыі Ён аддаў сваё жыццё за свет. “Мы хочам натхніцца, каб мець магчымасць несці Яго тым, хто ў Ім мае найбольшую патрэбу”, - дадаў арганізатар Эўхарыстычнага кангрэса ў Індыянапалісе.

На адкрыцці быў апостальскі нунцый у ЗША, кардынал Крыстаф П'ер. Ён запэўніў, што яго прысутнасць з’яўляецца знакам блізкасці Папы Францішка. Іерарх заахвоціў амерыканскіх католікаў да сапраўднага эўхарыстычнага абнаўлення, якое не абмяжоўваецца выключна рэлігійнымі практыкамі. Ён падкрэсліў, што рэальная прысутнасць – гэта не толькі вера ў тое, што Езус прысутнічае ў постацях хлеба і віна, але і ў тое, што Ён таксама прысутнічае ў сходзе свайго народа і нават у тых, каму цяжка з Ім злучыцца з прычыны ран, страхаў ці грахоў. Таму, як адзначыў папскі пасланнік, мы таксама павінны бачыць Хрыста ў тых, хто думае інакш, чым мы.
 

19 ліпеня 2024, 11:08