35 гадоў тамільскія католікі пілігрымуюць у нямецкі Кевелар
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Традыцыйнае паломніцтва пачалося 10 жніўня 2024 года. На яго завяршэнне біскуп Джафны Джасцін Гнанапрагасам правёў пантыфікальную Імшу ў Форуме Pax Christi перад касцёлам у Кевелар.
Для тамілаў, якія ўцяклі ў Германію і іншыя еўрапейскія краіны з прычыны працяглай грамадзянскай вайны ў Шры-Ланцы, пілігрымка да цудатворнага вобраза Суцяшальніцы Засмучаных з'яўляецца кульмінацыяй касцёльнага года.
Іерарх са Шры-Ланкі нагадаў, што Святая Сям'я таксама мусіла перажыць уцёкі і выгнанне. Ён маліўся за насельніцтва роднага вострава тамілаў у Індыйскім акіяне, за развіццё дэмакратыі і большую роўнасць усіх рэлігійных меншасцей у астраўной дзяржаве.
Паводле даных тамільскага душпастырства дыяцэзіі Эсэн, у Германіі пражывае каля 60 тысяч тамілаў, як католікаў, так і індуістаў. У Кевелар прыбываюць прадстаўнікі абедзвюх рэлігій. Тамільскае паломніцтва, якое праводзіцца з 1987 года, зараз з'яўляецца найбуйнейшым у гэтым горадзе на Ніжнім Рэйне.
Католікі складаюць каля адной пятай насельніцтва Шры-Ланкі. Каталіцкі Касцёл тут карыстаецца высокім аўтарытэтам і спрыяе прымірэнню пасля грамадзянскай вайны. У студзені 2015 года краіну наведаў Папа Францішак. У санктуарыі Мадху ён заклікаў да міру паміж усімі групамі насельніцтва і рэлігіямі.