Пошук

Пажар у Грэцыі Пажар у Грэцыі  (AFP or licensors)

Арцыбіскуп Афінскі: Касцёл салідарны з пацярпелымі ад пажараў

Касцёл у Грэцыі аказвае падтрымку пацярпелым ад лясных пажараў, якія некалькі дзён працягваліся каля Aфін. Яны прывялі да эвакуацыі дзясяткаў тысяч людзей і значных экалагічных разбурэнняў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пажар выбухнуў 11 жніўня 2024 года. Яго прычынай, хутчэй за ўсё, стала замыканне электраправодкі, выкліканае няспраўным кабелем. За некалькі дзён каля Афін згарэла каля 10 тысяч гектараў зямлі, што прыкладна адпавядае плошчы Парыжа. Да салідарнасці з пацярпелымі заклікаў Папа Францішак.

Арцыбіскуп Афінскі Тэадорас Кандзіціс расказаў Vatican News, што разбуральныя пажары трывалі каля Афін усяго некалькі дзён, але былі вельмі моцнымі. Яны прывялі да значнага выгарання лясоў вакол сталіцы. Агонь знішчыў невялікую колькасць жылых дамоў. На жаль, ёсць таксама чалавечыя ахвяры. Па словах іерарха, мясцовы Касцёл намагаецца аказваць падтрымку пацярпелым праз структуры Caritas, але гэтых высілкаў недастаткова для такога вялікага горада як Афіны.

У 2023 годзе ў Грэцыі было зарэгістравана каля 8 тысяч лясных пажараў. Іх колькасць вырасла за апошнія гады з-за змены клімату і змяншэння колькасці дажджоў: сёлета была самая цёплая зіма за ўсю гісторыю метэаназіранняў, а лета – з мінімальным узроўнем ападкаў, што спрыяе “вогненным катастрофам”.

На думку арцыбіскупа Кандзіціса, у гэтай сітуацыі важнай з’яўляецца прафілактыка пажараў, таму ён заклікае грамадзян да большай асцярожнасці і адказнасці ў карыстанні агнём, асабліва летам. Іерарх лічыць, што павінна быць перагледжана таксама стратэгія высадкі лясоў каля сталіцы, каб зменшыць магчымасць маштабных пажараў.
 

20 жніўня 2024, 12:10