Біскуп Бэтцынг: служэнне міністранта – школа веры
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пілігрымка, у якой прынялі ўдзел каля 50 тысяч юнакоў і дзяўчат, з якіх 35 тысяч з Германіі, стала цудоўнай падзеяй, адзначыў у інтэрв’ю для Vatican News старшыня нямецкага епіскапату біскуп Георг Бэтцынг.
“Гэта цудоўная падзея! Я кажу гэта ад сябе, і гэта кажуць многія нашы міністранты”, - сказаў ён, дадаючы, што намаганні па падрыхтоўцы пілігрымкі былі вартыя вынікаў. “Маладыя людзі адчуваюць тую супольнасць, якую часта ўжо не адчуваюць у сваіх родных краінах. Яны часта думаюць: “Як нас мала”, а тут яны разумеюць: “Нас тысячы”. А тут іх сапраўды дзясяткі тысяч!”, - дадаў іерарх.
Біскуп Бэтцынг падзяліўся сваім досведам камунікацыі з міністрантамі. Ён заўважыў, што маладыя людзі не задавалі яму “вялікіх пытанняў” пра святарскі цэлібат ці ролю жанчыны ў Касцёле, а цікавіліся простымі рэчамі.
“Напрыклад, учора маладая жанчына спыталася ў мяне: “Чым наша рэлігія адрозніваецца ад міфалогіі?”. Я спачатку павінен быў сам падумаць, а потым мы разгаварыліся. Моладзь цікавіцца такімі пытаннямі, але я таксама разумею, што яна хоча, каб Касцёл рухаўся наперад, каб заставаўся іх Касцёлам, бо яны не хочуць выпадаць са свайго часу. Мы хочам быць людзьмі свайго часу і адначасова сябрамі Езуса. Яны шукаюць магчымасці аб’яднання гэтых дзвюх сфер”, - перакананы старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі.
Гаворачы пра каштоўнасць служэння міністранта, біскуп Бэтцынг назваў яго “школай веры”. Служэнне міністранта ўплывае і на сацыяльнае жыццё. “Пасля завяршэння Імшы маладыя людзі сустракаюцца, праводзяць разам рольны час. Яны ўдзельнічаюць у занятках у групах, паглыбляюць сваю веру, размаўляюць пра яе, сустракаюцца са сваімі пастырамі. Гэта ахоплівае ўсё, што ўтварае Касцёл. Таму гэта адна з найлепшых рэчаў, якімі мы можам цешыцца ў нашай працы з моладдзю”, - сказаў нямецкі іерарх.