Цела святой Тэрэзы Авільскай застаецца некранутым стагоддзі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле заявы генеральнага пастулатара Ордэна Кармелітаў Босых, айца Марка К'езы, магіла была адкрыта, і было пацверджана, што цела знаходзіцца ў тым жа стане, што і падчас апошняга адкрыцця ў 1914 годзе.
Падзея мела месца ў кляштары ў Альба-дэ-Тормес, дзе захоўваецца цела вядомай іспанскай святой. Гэта частка кананічнага прызнання парэштак святой Тэрэзы з Авілы, якое было запытана 1 ліпеня 2024 года Біскупам Саламанкі Луісам Рэтанай, упаўнаважаным да гэтага Папам Францішкам.
Спачатку была выдалена мармуровая пліта, якая закрывала магілу. Затым, у прысутнасці навуковай медыцынскай групы і членаў касцёльнага суда, адбылося адкрыццё срэбнай труны.
Папярэдні агляд паказаў, што цела застаецца некранутым, як і было зафіксавана ў 1914 годзе. Эксперты адзначылі, што нават можна выразна ўбачыць рысы твару святой Тэрэзы.
Святая Тэрэза Авільская, таксама вядомая як Тэрэза ад Езуса і Тэрэза Вялікая, нарадзілася 28 сакавіка 1515 года і памерла 4 кастрычніка 1582 года. Яна была містыкам, кармеліткай, пісьменніцай і тэолагам кантэмпляцыйнага жыцця. У 1622 годзе адбылася яе кананізацыя, а ў 1970 – абвяшчэнне Доктарам Касцёла.