Філіпінскі біскуп заклікаў да актыўнага ўдзелу свецкіх у місіі Касцёла
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сустрэчы прынялі ўдзел каля 250 пробашчаў з розных дыяцэзій краіны. Мерапрыемства арганізавала Філіпінская камісія па новай евангелізацыі. У якасці дакладчыцы ў ім прымала ўдзел намесніца сакратара Сінода Біскупаў сястра Наталі Бэкар.
Старшыня філіпінскага епіскапату біскуп Пабла Вірджыліа Давід падкрэсліў неабходнасць “асэнсаванага і эфектыўнага” удзелу парафіян у жыцці і місіі Касцёла для палягчэння цяжару, які кладзецца на плечы святароў. Ён звярнуў увагу на эмацыйнае выгаранне, з якім сутыкаюцца многія святары, назваўшы яго "зусім непатрэбным", і заклікаў да больш сумеснага падыходу.
Арцыбіскуп Манілы кардынал Хасэ Адвінкула падтрымаў яго пункт гледжання ў сваёй гаміліі падчас Імшы на адкрыцці мерапрыемства, заклікаўшы святароў стаць "сведкамі сінадальнасці Касцёла" і спрыяць сапраўднай еднасці, інклюзіўнасці і гасціннасці ў парафіяльных супольнасцях. "Калі мы не прыслухоўваемся да бедных, ці слухаем мы Бога?” - спытаў ён.
Нацыянальная сустрэча пробашчаў стала працягам міжнароднай сустрэчы, якая прайшла ў Сакрафана пад Рымам, і дала магчымасць удзельнікам абмеркаваць тэмы першай сесіі Сінода Біскупаў па сінадальнасці.
Падчас свайго візіту на Філіпіны Генеральны сакратар Сінода Біскупаў кардынал Марыё Грэк ахарактарызаваў сінадальнасць як каштоўны дар для святароў і біскупаў, выступаючы за служэнне, якое б паважала розныя харызмы Касцёла. “Мы павінны паважаць служэнне і харызму адзін аднаго. Мы можам вучыцца адзін у аднаго", - сказаў тады кардынал Грэк.