Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Францішак рыхтуецца да найдаўжэйшага апостальскага падарожжа

Папа рыхтуецца да свайго найдаўжэйшага апостальскага падарожжа, якое адбудзецца з 2 па 13 верасня 2024 года. Падчас яго Францішак наведае чатыры краіны на двух кантынентах: Інданезію, Папуа-Новую Гвінею, Усходні Тымор і Сінгапур, пераадолеўшы амаль 40 тысяч кіламетраў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Луіс Антоніа Тагле, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, у гутарцы з агенцтвам Fides назваў гэтую паездку "актам паслухмянасці місіі" Пантыфіка. Ён падкрэсліў, што візіт Францішка ў малыя Касцёлы мае вялікае значэнне для ўсяго каталіцкага свету і можа быць цікавым для ўсіх, хто клапоціцца пра мір ва ўсім свеце.

Першым прыпынкам папскага падарожжа стане Інданезія – краіна з найбольшай колькасцю мусульман у свеце (каля 260 мільёнаў). Кардынал Тагле выказаў спадзяванне на тое, што візіт Папы надасць новы імпульс братэрству паміж вернікамі розных рэлігій.

Другім пунктам падарожжа будзе Папуа-Новая Гвінея, дзе Касцёл з'яўляецца маладым, але ўжо даў каталіцкай супольнасці мучаніка Пітэра То Рота. Іерарх адзначыў, што ў гэтай краіне прырода захавалася ў першародным выглядзе.

Трэцім прыпынкам стане Усходні Тымор. Кардынал падкрэсліў значнасць таго, што Папа наведае Інданезію і Усходні Тымор – дзве краіны, якія раней знаходзіліся ў стане вайны, а цяпер маюць мірныя адносіны. Ён таксама адзначыў, што вера ў Хрыста падтрымлівала жыхароў Усходняга Тымора падчас гадоў барацьбы за незалежнасць.

Апошнім пунктам падарожжа будзе Сінгапур – адна з самых багатых краін свету. Тагле адзначыў, што ўрад Сінгапура гарантуе ўсім рэлігійным супольнасцям свабоду і абараняе іх ад нападаў і актаў непавагі.

Прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі таксама закрануў пытанне рэлігійнай свабоды, спаслаўшыся на даследаванне, якое паказала, што ў краінах, дзе існуе пераслед вернікаў, колькасць хростаў расце. Ён падкрэсліў, што нават тыя, хто не з'яўляецца вернікам, задаюцца пытаннем: адкуль бярэцца сіла, якая прымушае людзей ахвяраваць сваім жыццём за веру?

Гэтае падарожжа Францішка абяцае быць значным не толькі для каталіцкай супольнасці, але і для ўсяго свету, робячы акцэнт на важнасці міжрэлігійнага дыялогу і міру.
 

27 жніўня 2024, 11:48