Пошук

Кардынал Амерыка Агіяр Кардынал Амерыка Агіяр  (Ricardo Perna)

Кардынал Агіяр: сродкі з СДМ-2023 пойдуць на праекты для моладзі

Сродкі, сабраныя Фондам па арганізацыі Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне (FJMJ), будуць накіраваны на праекты падтрымкі моладзі ў партугальскай сталіцы і муніцыпалітэце Лурэш.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У першую гадавіну завяршэння СДМ-2023, кардынал Амерыка Агіяр паведаміў, што Фонд па арганізацыі сустрэчы змог зарабіць падчас мерапрыемства каля 36 мільёнаў еўра. Каардынатар сустрэчы заявіў, што гэтыя грошы пойдуць на фінансаванне розных праектаў для моладзі.

“Мы чакалі, што ў нас будзе прафіцыт у бюджэце пасля правядзення форума, але мы не чакалі, што ён складзе 36 мільёнаў еўра”, - прыводзіць словы кардынала Агіяра, які ў цяперашні час з’яўляецца ардынарыем дыяцэзіі Сэтубала, інфармацыйнае агенцтва КАІ. Іерарх не выключае, што фінансавыя рэсурсы пойдуць на фінансаванне моладзевых праектаў таксама ў іншых партугальскіх муніцыпалітэтах.

Правядзенне Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне, 1-6 жніўня 2023 года, стала магчыма ў тым ліку дзякуючы ахвяраванням партугальскіх католікаў, сродкам, вылучаным на арганізацыю форума ўрадам Партугаліі, муніцыпалітэтамі Лісабона і Лурэша, дзе адбываліся заключныя падзеі сустрэчы, а таксама шэрагам спонсараў са свету бізнесу.
 

07 жніўня 2024, 11:27