Кардынал Сако пра акупацыю Нінэвіі: калектыўная трагедыя
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кардынал Луіс Рафаэль Сако, патрыярх Халдэйскай Каталіцкай Царквы, назваў падзею "калектыўнай трагедыяй", якая моцна ўдарыла па хрысціянскіх супольнасцях і іншых меншасцях Ірака. Нягледзячы на ваеннае паражэнне Ісламскай дзяржавы, “яе ідэалогія застаецца моцнай, і не толькі ў Іраку”, - падкрэсліў ён.
Іерарх паведаміў інфармацыйнаму агенцтву Fides, што толькі 60% хрысціянскіх бежанцаў вярнуліся дамоў. Многія з уцекачоў знайшлі прытулак у іракскім Курдыстане. Каля 1200 сем'яў прыбылі сюды ў чэрвені 2014 года з Масула – аднаго з першых іракскіх гарадоў, якія трапілі пад кантроль Ісламскай дзяржавы. Іх дамы былі пазначаны літарай N, што азначала Назаранін. Перад імі стаяў выбар: бегчы або памерці, калі не прымуць іслам. Большая частка з іх бегла ў іракскі Курдыстан. Сёння хрысціяне складаюць каля 7% з 600 тысяч бежанцаў на поўначы краіны, у асноўным у раёне Арбіла.
Кардынал Сако выказаў занепакоенасць міграцыяй хрысціян з Ірака. "Паводле ацэнак, штомесяц краіну пакідае каля 100 хрысціянскіх сем'яў", - сказаў ён. Асноўныя прычыны міграцыі – ваенныя траўмы, распаўсюджанне сектанцтва, нестабільная сітуацыя на Блізкім Усходзе і страх перад татальнай вайной.
Для таго каб забяспечыць мірнае суіснаванне, неабходна сучасная дэмакратычная дзяржава, заснаванай на грамадзянскіх правах, - лічыць патрыярх. Дзяржава, у якой гаворка ідзе “не пра большасць, меншасць, хрысціян, яўрэяў, шыітаў, сунітаў, езідаў і гэтак далей, а пра грамадзян. Усе мы грамадзяне з роўнымі правамі і абавязкамі", - падкрэсліў кардынал Сако.