Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP)

Нікарагуа: улады выслалі ў Рым сем святароў

7 жніўня 2024 года сем святароў, затрыманых у Нікарагуа, былі высланы ў Рым. Улады гэтай краіны пацвердзілі факт высылкі ў афіцыйным паведамленні.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святары належаць да дыяцэзій Матагальпа і Эстэлі. Яны былі затрыманы ў семінарыі Маці Божай Фацімскай у Манагуа. Паводле нікарагуанскіх СМІ, сярод высланых у Рым пастыраў не было Апостальскага адміністратара дыяцэзіі Матагальпа, 80-гадовага айца Фрутаса Вале, якога арыштавалі 26 ліпеня. Гэты святар кіраваў дыяцэзіяй замест біскупа Раланда Альварэса, высланага ў Рым у студзені 2024 года пасля арышту і асуджэння на 26 гадоў турэмнага зняволення.

За апошнія гады ўлады Нікарагуа выслалі з краіны ўжо пяць груп святароў і семінарыстаў: дзве групы былі адпраўлены ў ЗША і тры ў Рым. Акрамя біскупа Альварэса, улады прымусілі пакінуць краіну і Апостальскага адміністратара дыяцэзіі Эстэлі, біскупа Ісідора Мора, які перад гэтым таксама быў арыштаваны і асуджаны на 26 гадоў зняволення.

У 2022 годзе ўрад Нікарагуа выслаў Апостальскага нунцыя, арцыбіскупа Вальдэмара Зомертага, а ў красавіку 2023 года Святы Пасад закрыў сваю нунцыятуру ў Манагуа, прыпыніўшы па просьбе ўрада дыпламатычныя адносіны.

Францішак выказаў занепакоенасць арыштамі духавенства падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая праходзіла 1 снежня 2023 года ў Ватыкане.

“Я з глыбокай заклапочанасцю сачу за тым, што адбываецца ў Нікарагуа, дзе пазбаўляюць волі біскупаў і святароў. Выказваю ім, іх сем'ям і ўсяму Касцёлу ў краіне маю блізкасць у малітве. Запрашаю таксама ўсіх вас, прысутных тут, і ўвесь народ Божы да настойлівай малітвы, спадзеючыся на тое, што мы заўсёды будзем шукаць шляху дыялогу для пераадолення цяжкасцей”, - сказаў тады Папа.
 

09 жніўня 2024, 13:03