Папа прызначыў ардынарыя для католікаў-армян ва Усходняй Еўропе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Архіепіскап-намінант Кеворк Нарадунгіян нарадзіўся 16 лістапада 1968 года ў сірыйскім Алепа. У 1997 годзе ён атрымаў ліцэнцыят па педагагічных навуках у Папскім Салезіянскім універсітэце. Святарскае пасвячэнне прыняў 20 жніўня 1995 года ў Алепа ў Патрыяршым Інстытуце Духавенства ў Бзамары.
На працягу сваёй кар'еры ён займаў розныя пасады, уключаючы віцэ-рэктара і рэктара семінарый, пробашча армянска-каталіцкай парафіі ў Маскве, апостальскага адміністратара экзархата ў Іерусаліме і Амане, а таксама пробашча парафіі для католікаў армянскага абраду ў французскім Ліёне.
Ардынарыят Усходняй Еўропы для католікаў армянскага абраду быў створаны ў 1991 годзе і ахоплівае вернікаў у Арменіі, Грузіі, Расіі, Украіне і Усходняй Еўропе (за выключэннем Польшчы, Румыніі і Грэцыі). Сядзіба Ардынарыята знаходзіцца ў армянскім Гюмры. Па даных на 2021 год, Ардынарыят налічваў 618 тысяч вернікаў, якім служылі 18 святароў.